Каціны каўнерык, які ратуе птушак

ад 26 снежня 2018 года

Каляровы ашыйнік-каўнерык для коцікаў дапаможа ўратаваць птушак ад гібелі ў іхных зубах.

Кожны год у ЗША каты і коткі забіваюць велізарную колькасць птушак — паводле ацэнак, лік ідзе на мільярды асобін. Але схільнасць аднаго з прадстаўнікоў каціных да палявання незнарок дапамагла выратаваць сотні тысяч іншых птушак, якія маглі б таксама зрабіцца іх здабычай.

У 2008 годзе Нэнсі Брэнан абрыдла глядзець на мёртвых птушак, якіх прыносіў дахаты і пакідаў на падлозе гасцёўні яе кот Джордж. Сэрца зацятай бёрдвочаркі разрывалася.

«Неяк вясной яго першай здабычай стаў каўняровы арабок (Bonasa umbellus), —  паведаміла Брэнан выданню Burlington Free Press. — Мне было так агідна, што я літаральна сказала ўголас: «Джордж, больш ты так не зробіш!»

Абмяркоўваючы, як можна ўтаймаваць схільнасць Джорджа да палявання, Брэнан прыгадала артыкул, у якім гаварылася, што птушкі заўважаюць яркія колеры. І тады яна ўзяла кавалачак вясёлкавай тканіны і пашыла яркі каўнерык, які можна надзяваць кату на шыю і які можа перасцерагчы птушак.

Кот в цветном воротничке

Мінуў тыдзень, і Брэнан не знайшла аніводнай птушкі ў сваёй гасцёўні ў Даксберы, штат Вермонт. Яна пачакала яшчэ некалькі тыдняў, каб пераканацца ў эфектыўнасці каўнерыка, і праз месяц ўжо была пэўная, што яе вынаходка сапраўды дае добрыя вынікі.

Жанчына таксама ведала, што іншыя гаспадары коцікаў таксама стаміліся знаходзіць мёртвых птушак на парозе, таму яна заснавала сайт «Бяспека для птушак» і зрабіла 500 рознакаляровых каўнерыкаў для продажу праз інтернэт.

Цягам шасці гадоў пасля гэтага бёрдвочарка прадала праз інтэрнэт сотні каўнерыкаў, і кліенты паведамлялі пра іхны станоўчы эфект.

У 2015 годзе арнітолагу і прафесару Універсітэта Св. Лоўрэнса С.К. Вілсан так спадабаўся гэты каўнерык, што яна вырашыла правесці навуковае даследаванне, каб праверыць яго эфектыўнасць.

Вынікі даследаванняў, якія яна праводзіла на працягу 12 тыдняў увесну і ўвосень, былі апублікаваныя ў часопісе «Global Ecology and Conservation». Яны паказалі, што каты ў каляровых каўнерыках забівалі ў 19 разоў менш птушак, чым тыя, што былі без каўнерыкаў.

Пасля гэтага даследвання на сайце Брэнан з’явілася мноства новых кліентаў, і яе навялічкае прадпрыемства ператварылася ў паспяховы бізнэс. Сёння ў Брэнан ёсць вытворца, які вырабляе каўнерыкі, і, з яе словаў, заказы прыходзяць з Аўстраліі, Новай Зеландыі, Еўропы, ЮАР, Ісландыі і ўсіх 50 штатаў ЗША.

Вось так вопыт адной кемлівай гаспадыні ў змаганні з яе катом-драпежнікам выратаваў сотні тысяч птушыных жыццяў.

Пераклад Таццяны Каржыцкай

Крыніца: goodnewsnetwork.org


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: