Як дапамагчы свіргулю, які ўпаў

ад 7 чэрвеня 2019 года

З 2019 года 7 чэрвеня абвешчана Сусветным днём свіргуля. Як не нашкодзіць гэтай птушцы, калі вы знайшлі яе на зямлі і вырашылі дапамагчы?

Стрижи в небе на закате

Свіргулі. Фота Мікалая Вараб’я

Свіргуль — самая хуткая птушка, якая амаль усё жыццё праводзіць у палёце, нават спіць, летучы. Птушаняты пакідаюць гняздо ўжо гатовымі да палёту. І калі за птушанятамі-подлеткамі ў іншых птушак яшчэ тыдзень-два прыглядаюць бацькі, то свіргуляняты на зямлі, хутчэй за ўсё, вырачаныя на пагібель.

Добрая навіна ў тым, што выкарміць птушаня свіргуля чалавеку лягчэй, чым птушаня вераб’я, якое пры адсутнасці кармлення за 3-4 гадзіны можа памерці ад голаду і кармленне якога ўскладняецца, калі птушаня робіцца подлеткам: трэба і карміць яго, і даваць лётаць для трэніроўкі. Свіргуляня ж, адрасціўшы крылы, злятае адразу і два гады запар праводзіць у небе, нікуды не сядаючы, аж пакуль не прыйдзе час гнездавання.

Дарослыя свіргулі таксама могуць апынуцца на зямлі, урэзаўшыся ў нешта — у непагадзь такое здараецца нярэдка. Здаровыя свіргулі могуць узляцець і з зямлі. Але часам іх знаходзяць людзі, хочуць ім дапамагчы, але праз няправільны догляд птушкі гінуць.

Просьба: калі ў цябе ёсць відэа, звязанае са свіргулямі, дасылай, калі ласка, на basharymava.ptushki@gmail.com. Разбурэнне гнёзд свіргулёў, свіргуль на зямлі, кармленне і догляд за свіргулём, выпуск свіргуля ў неба — усе гэтыя сюжэты дапамогуць данесці да людзей праблемы свіргулёў.

Свіргуль — не ластаўка і не шуляк 

Важна правільна вызначыць від птушкі. Адрозніць свіргуля лёгка: 4 пальцы на назе скіраваны наперад, у той час як у большасці птушак толькі 3 пальцы скіраваныя наперад, а 1 — назад. Таксама свіргулі вядомыя сваімі крыламі: у дарослых свіргулёў яны ў выглядзе вострага сярпа, доўгія, і ў складзеным выглядзе выходзяць на 2-3 см за хвост. У свіргулёў, у адрозненне ад усіх нашых птушак, бруха той жа афарбоўкі, што і спіна — цёмна-карычневы. У чорных свіргулёў толькі на падбароддзі ёсць светлая плямка, у той час як у падобных гарадскіх ластавак белыя грудзі і бруха.

Стриж ловит насекомое в полете

Свіргуль у палёце. Фота Мікалая Вараб’я

На свіргулях ёсць паразіты, але ніводзін з іх не можа перайсці на людзей. Большасць з іх — бясшкодныя блохі і кляшчы. Адзін паразіт, свіргулёвая крывасоска, сустракаецца толькі ў свіргулёў. Яна не смокча кроў у чалавека, але можа выклікаць трывогу ў непадрыхтаванай асобы, якая падыме свіргуля. Гэта мухі даўжынёй за 7 мм з пляскатымі трохкутнымі целамі і вельмі маленькімі крыламі.

Не трэба падкідваць свіргуля

Свіргуля, які ўпаў, часта раяць падкінуць: маўляў, тады ён паляціць. Але гэта шкодная парада! Ніколі не падкідвайце свіргуля, а тым больш — з балконаў, з вокнаў верхніх паверхаў. Дастаткова вынесці яго на адкрытую прастору (стадыён, поле) і падняць уверх на далоні: здаровы свіргуль зляціць і па спіралі пачне падымацца ў неба. Калі свіргуль пасля некалькіх спробаў не паляцеў — трэба пра яго паклапаціцца. Агледзьце, ці няма на ім пашкоджанняў, ці не зламана крыло, ці няма крыві. У выпадку чаго — звярніцеся да ветэрынара-арнітолага. Дарослы свіргуль, які ўпаў, — звычайна з траўмай (удар, вывіх, пералом, ЧМТ і інш.). У гэтым выпадку патрэбны агляд спецыялістам і прызначэнне лячэння. У выпадку лёгкай траўмы аднаўленне зойме ад 1 тыдня да 2 месяцаў.

Птушаня ці дарослы?

Птенцы стрижа

Птушаня свіргуля

Адрозніць птушаня ад дарослага свіргуля нескладана: ва ўсіх маладзенькіх свіргулёў гэтага года — светла-ружовыя лапкі, у той час як у дарослых узростам ад году — лапкі чорна-шэрыя. У птушанятаў па краі пёраў ідзе белая аблямоўка, птушаняты могуць папіскваць, а таксама ў іх на целе ёсць пух, «іголачкі» нераскрытых пёраў (у падлеткаў ўсё пер’е ўжо раскрылася). У дарослых апярэнне раўнамерна чорнага або бурага колеру. Калі вы падабралі птушаня, то трэба ўзмоцнена карміць яго, пакуль тое не будзе гатовае ляцець (за тыдзень да вылету птушаня пачне актыўна трэніравацца і махаць крыламі). Ад вылуплення да вылету звычайна праходзіць 43 дні.

Дзе ператрымаць і выкарміць свіргуля?

Знойдзенага свіргуля змясціце ў чыстую скрынку. Скрынка павінная быць не менш 30 см у даўжыню і 20 см у шырыню, каб птушка магла расправіць крылы. Вышыня павінна быць не менш за 15 см, каб птушка не выбралася з яе. А вось змяшчаць іх у клетку не варта: з жэрдак яны будуць падаць, да таго ж сапсуюць сабе апярэнне аб пруты клеткі і ўжо не змогуць лятаць. На дно скрынкі пакладзіце папяровы ручнік, каб той убіраў памёт, і рэгулярна яго мяняйце.

З кім параіцца па доглядзе за свіргулём

На жаль, далёка не ўсе ветэрынары маюць веды па лячэнні птушак. Таму за далейшай інфармацыяй варта звярнуцца ў групу дапамогі свіргулям: https://vk.com/strizh_by. Інфармацыю пра догляд за гэтымі птушкамі можна таксама знайсці на форуме mybirds.ru.

Калі вы хочаце стаць валанцёрам па ратаванні свіргулёў — пішыце на пошту v.puzhuk@gmail.com.

Телеграм


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: