Птушкі-«наватары» менш схільныя да вымірання

ад 29 красавіка 2020 года

Паводле сумеснага даследавання, праведзенага універсітэтам МакГіла (Канада) і кампаніяй CREAF (Барселона, Італія), тыя віды птушак, якія праяўляюць новыя паводзінныя звычкі ў здабыванні ежы, менш схільныя да вымірання, чым віды, якія такімі навыкамі не валодаюць.

Чорная варона. Фота Pixabay

Чорная варона. Фота Pixabay

Даследнікі выявілі, што птушкі, якія змаглі ўключыць новыя прадукты ў свой рацыён харчавання або распрацаваць новыя метады атрымання ежы, былі лепш прыстасаваныя да зменаў навакольнага асяроддзя, якія ўплываюць на месцы іх пражывання і часцей за ўсё ўяўляюць сабой галоўную пагрозу вымірання птушак.

На працягу некалькіх гадоў навукоўцы заўважалі шматлікія прыклады такіх паводзін. Так амерыканскія зялёныя кваквы неаднаразова ўжывалі кавалачкі хлеба ці насякомых як прынады для лоўлі рыбы. Было заўважана, што чорныя вароны выкарыстоўваюць аўтамабілі як інструмент для ўскрыцця арэхаў або марскіх ракавін. А вялікія бакланы ў Новай Зеландыі арганізуюць сваё кармленне такім чынам, каб яно супадала з рухам камерцыйных паромаў, што дае магчымасць скарыстацца моцнымі плынямі, якія ствараюцца грабнымі вінтамі судоў, каб злавіць заблытаную рыбу.

Вялікі баклан. Фота Дз. Вінчэўскага, birdwatch.by

Вялікі баклан. Фота Дз. Вінчэўскага, birdwatch.by

Доказ даўняй тэорыі аб уразлівасці відаў

Доўгі час лічылася, што здольнасць да наватарства, “біхевіярысцкай пластычнасці”, робіць віды менш уразлівымі да вымірання, але дакладна праверыць гэта на глабальным узроўні было цяжка.

Луі Лефеўр, старшы аўтар новага даследавання, які выкладае на біялагічным факультэце Універсітэта Макгіла, правёў апошнія 20 гадоў, вывучаючы літаратуру, шукаючы доказы інавацый у галіне здабывання ежы ў дзікай прыродзе. Дзякуючы нястомнай самаадданасці назіральнікаў за птушкамі з усяго свету, якія паведамілі аб гэтых новых звычках, ён змог сабраць базу дадзеных больш чым з 3800 рознымі новымі спосабамі птушак здабываць сабе ежу.

Дзяліся назіраннямі за птушкамі ў Тэлеграм-чаце “Ціў-ціў!”

Вялікая база дадзеных, якой мы цяпер валодаем, дазволіла нам праверыць амаль на ўсіх відах птушак свету ідэю аб тым, што чым больш яны здольныя да змены сваіх кармавых паводзін, тым лепш могуць справіцца з разбурэннем свайго нармальнага асяроддзя пражывання, — паведаміў Лефеўр. — Мы лічым, што нашы вынікі надзейныя, паколькі былі прынятыя пад увагу ўсе спадарожныя зменныя і магчымыя скажэнні, якія мы толькі маглі прыдумаць.”

Большая колькасць інавацый азначае вялікую імавернасць стабільнасці або павелічэння колькасці папуляцыі

Даследнікі сабралі інфармацыю аб вынаходках у кармленні, апісаных у артыкулах, апублікаваных у 204 арніталагічных часопісах у перыяд з 1960 па 2018 год. Затым яны параўналі колькасць новых звычак кожнага віду з узроўнем іх рызыкі вымірання ў адпаведнасці з Чырвоным спісам Міжнароднага саюза аховы прыроды (МСАП). Гэтая мадэль паказала, што рызыка вымірання была зніжана ў відаў, якія дэманстравалі інавацыйныя паводзіны, і па меры павелічэння колькасці такіх звычак рызыка вымірання зніжалася яшчэ больш.

Мы даўно заўважылі, што сувязь паміж інавацыямі і выжываннем павінна існаваць, але цяпер мы змаглі праверыць яе колькасна, — кажа галоўны аўтар даследавання Сімон Дукатэс, постдоктарскі даследчык ва Універсітэце МакГіла і ў кампаніі CREAF ў Барселоне. — Мы таксама змаглі праверыць, што чым большая колькасць інавацый, апісаных для віда, тым большая імавернасць таго, што яго папуляцыі стабільныя або павялічваюцца. Вынік відавочны: чым большую вынаходлівасць праяўляе від, тым ніжэйшая рызыка яго вымірання.

Здольнасць знаходзіць новыя крыніцы ежы не гарантуе выжывання

Аўтары папярэджваюць, што біхевіярысцкая пластычнасць толькі зніжае рызыку вымірання птушак ад змены асяроддзя пражывання, аднак яна не ўплывае на адчувальнасць да інвазіўных відаў або празмернага промыслу віда. Даследаванне паказала, што здольнасць асвойваць новыя формы паводзін уяўляе сабой відавочную  эвалюцыйнную перавагу для птушак, якія спраўляюцца са знішчэннем свайго асяроддзя пражывання, хоць і не заўсёды з’яўляецца гарантыяй выжывання.

Сапраўды, той тып новых звычак у паводзінах, якія дазваляюць птушкам справіцца з рэзкімі зменамі асяроддзя пражывання, хутчэй за ўсё, не працуюць супраць іншых тыпаў пагроз, такіх як празмернае паляванне.

Неабходна ўлічваць, што віды з найбольшай здольнасцю да інавацый маюць больш доўгі час сталення, што робіць іх больш лёгкай здабычай для паляўнічых, — тлумачыць Даніэль Сол, даследчык кампаніі CREAF і CSIC у Барселоне. Гэта азначае, што, у адрозненне ад звычайных відаў, здольнасць да наватарства абараняе жывёл ад некаторых, але не ад усіх хуткіх зменаў у навакольным асяроддзі.”

Гэта даследаванне было падтрымана сродкамі іспанскага ўрада і канадскім Саветам па натуральных навуках і інжынерных даследаваннях (NSERC).

Матэрыялы прадастаўленыя Універсітэтам МакГіла ў межах кампаніі “Жывая вясна”, якая ажыццяўляецца дзякуючы падтрымцы HeidelbergCement.

Пераклад Галіны Паўлыга

ВКонтакте


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: