Дзікае жыццё гарадскога парку: прагулкі ў Драздах

ад 18 снежня 2020 года

Сустрэць у адзін час і ў адным месцы некалькі цікавых відаў, так што не ведаеш, каго фатаграфаваць? Такое можа здарыцца нават у гарадскім парку, нават у снежні.

Мы пагутарылі з бёрдвочаркай Аксанай Суботка пра яе прагулкі ў мінскім парку Дразды.

Аксана Суботка

Аксана Суботка

Лайфер і інтрадуцэнт

За лістапад-снежань я налічыла 31 від птушак, але ў асноўным я назірала ў снежні. У мяне быў адпачынак, і я на прагулку ў парк хадзіла штодня або праз дзень. Я была ўражаная, наколькі ў буднія дні там больш можна пабачыць, чым у выходныя! Звычайна мы гуляем у выходныя і сустракаем звычайныя віды. А за два тыдні адпачынку я пабачыла парк зусім з іншага боку. Калі мала людзей, ён нібыта насяляецца дзікімі звярамі і птушкамі. Я нават не думала знайсці там свайго “лайфера” – вераб’інага сычыка!

Вераб'іны сычык. Фота Аксаны Суботка

Вераб’іны сычык. Фота Аксаны Суботка

Цікава ведаць: лайфер – від птушкі, пабачаны ўпершыню.

Першы раз я яго ўбачыла выпадкова. Кажуць, што птушкі выдаюць яго крыкамі, і так яго можна заўважыць. Але тады ніхто не крычаў. Я проста паглядзела, што нейкая птушка ўдалечыні сядзіць, а ўжо на фотаапараце, калі наблізіла, зразумела, што гэта сычык.

Таксама ў снежні мяне ўразіла сустрэча з чорнай жаўной у гэтым парку. Я нават не падазравала, што яе тут можна сустрэць. Але я яе бачыла мелькам, здымкаў добрых не атрымалася.

Любіш назіраць за птушкамі? Далучайся да Тэлеграм-чату “Ціў-ціў!”

У адзін дзень, калі я ўбачыла і сычыка, мы сустрэлі яшчэ малых коўраў, зімародка і амерыканскую норку — прычым  гэта ўсё за дзве гадзіны і літаральна ў адным месцы. На куст прыляцеў і сеў зімародак, а пад ім норка прабягала. І тут жа плавала малая коўра. Я настолькі разгубілася, каго фатаграфаваць, бо ўвогуле не чакала такога! Я проста гуляла па звыклых мясцінах і нават не чакала пабачыць такія рэдкасці. Дарэчы, норка зусім нас не баялася, ва ўпор паглядзела і доўга бегла ўздоўж берагу з другога боку ракі: мабыць, ацаніла, што там бяспечна.

Амерыканская норка. Фота Аксаны Суботка

Амерыканская норка. Фота Аксаны Суботка

Цікава ведаць: амерыканская норка – інтрадуцэнт, чужародны від, упершыню завезены ў Беларусь у 1953. З 1953 па 1958 год у розныя вадаёмы краіны выпусцілі 895 звяркоў. Цяпер амерыканскую норку можна сустрэць практычна паўсюль у Беларусі. Гэты від практычна выцесніў мясцовую еўрапейскую норку, якая знаходзіцца на мяжы вымірання.

Малая коўра. Фота Аксаны Суботка

Малая коўра. Фота Аксаны Суботка

Птушкі зацягваюць!

Я пачала назіраць за птушкамі амаль два гады таму падчас курсаў бёрдвочынгу, у мяне выкладаў Максім Нямчынаў. Потым мы пасябравалі з дзяўчатамі з гэтых курсаў, пачалі ўдзельнічаць у чэмпіянатах па фотабёрдынгу, адзін раз удзельнічалі ў чэмпіянаце па спартыўнай арніталогіі. Усё гэта зацягнула, і назіранне за птушкамі ператварылася ў любімае хобі. Перыядычна з сябрамі выбіраемся на прыроду па выходных або я проста гуляю з сям’ёй ці адна па парках. А паколькі побач Дразды, то гэты парк мы наведваем часцей за ўсё.

Я часта сустракаю тут жоўтагаловых каралькоў, мне падабаюцца гэтыя птушкі: яны міленькія і шпаркія, іх вельмі цяжка фатаграфаваць. У мяне мара зрабіць добрыя кадры з імі, але пакуль не атрымалася.

Сойка. Фота Аксаны Суботка

Сойка. Фота Аксаны Суботка

Вакол лесапарку часта сустракаем шэрых курапатак. Для нас гэта ўжо звычайны від, які ходзіць там на палях, пад кусточкамі хаваецца. Часам сустракаецца цэлая чарада, а не адзінкавыя асобіны. Сярод дзятлавых, акрамя чорнай жаўны, бачылі сівую жаўну, сярэдняга і вялікага дзятлаў.

Папаўзень. Фота Аксаны Суботка

Папаўзень. Фота Аксаны Суботка

Вавёрак часта бачым, зайца аднойчы бачылі там. Яшчэ там ёсць сляды баброў, шмат свежапагрызеных дрэваў. Але саміх звяркоў мы не бачылі. Вельмі хочацца, вядома, сустрэць ужывую і хаця б здалёк сфатаграфаваць. Вельмі багаты на жыўнасць парк!

Cваімі здымкамі ў добрым памеры, відэа і ўражаннямі ад птушак і іншых жывёл можна дзяліцца на сайце «Птушкі штодня» самастойна (пасля рэгістрацыі) у двух раздзелах: «Нашы назіранні» і «Фотагалерэя».

Гутарыла Алеся Башарымава


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: