Феерверкі і петарды небяспечныя для птушак і сабак

ад 15 снежня 2022 года

Піратэхнічныя вырабы могуць значна нашкодзіць дзікім птушкам вакол нас. Заклікаем устрымацца ад выкарыстання феерверкаў ды петард!

Салюты

Звычайна іх запускаюць у цёмны час, калі большасць птушак акурат спіць. Калі пачынаюцца выбухі, тыя прачынаюцца і ляцяць прэч – але куды? У цемры яны кепска арыентуюцца і могуць разбіцца аб будынкі. Так, на пазамінулы Новы год у Празе падчас запуску феерверкаў на рацэ Влтаве лебедзі-шыпуны спалохаліся і ўзляцелі, але ў цемры сутыкнуліся з мостам і іншымі будынкамі.

Стрэс, які зазнаюць птушкі падчас выбухаў, вельмі моцны. Нямецкія вучоныя з дапамогай аўтаматычных камер на працягу 10 гадоў вывучалі паводзіны сініц у штучных гняздоўях падчас навагодніх салютаў і апублікавалі вынікі летась. Птушкі былі ў стрэсе і варушыліся на працягу гадзіны нават пасля адзінкавых салютаў, а калі побач людзі весяліліся ўсю ноч, то ніводная птушка не магла заснуць. Гэтыя ўстрывожаныя паводзіны адбіваюцца на тэрмарэгуляцыі птушак, і выжывальнасць іх памяншаецца.

Новыя даследаванні на шэрых гусях у Аўстрыі паказалі, што адразу пасля пачатку масавага выкарыстання феерверкаў у першыя хвіліны новага году на берагах возера і недалёка ад іх, частата серцабіення ў гусей павялічвалася амаль удвая (з 63 да 124 удараў у хвіліну) і змяншалася да папярэдняга узроўня толькі праз 2-3 гадзіны. Сярэдняя тэмпература цела павялічвалася з 38 да 390С і трымалася да 3-4 гадзін раніцы. Усе гэтыя фізіялагічныя змены прыводзяць да большага выкарыстання энергіі ў складаны для птушак перыяд зімоўкі без усялякай неабходнасці.

Нядаўнія даследаванні паказалі, што феерверкі прымушаюць гусей шукаць іншае месца начлегу на адлегласці нават да 500 км! Навукоўцы з Max Planck Institute of Animal Behavior (Германія) і Інстытута экалогіі (Нідэрланды) з дапамогай GPS-трэкераў восем сезонаў адсочвалі наступствы навагодніх феерверкаў для сотняў прадстаўнікоў розных відаў арктычных гусей, якія зімуюць на тэрыторыі Германіі, Даніі і Нідэрландаў.

Дадзеныя пра перамяшчэнні гусей чатырох відаў перад і адразу пасля Новага года паказалі, што ў першую ноч студзеня птушкі раптоўна адляталі з месцаў начлегу і перамяшчаліся далёка ад населеных пунктаў. 

Напалоханыя феерверкамі гусі спалі ў сярэднім на дзве гадзіны менш, чым у папярэднія ночы, і часам без адпачынку ляцелі на вялікія адлегласці (да 500 км!). Такія паводзіны да гэтага ў іх падчас зімовак не адзначаліся.

Аднак найгоршым было тое, што пасля навагодніх святаў такія напалоханыя феерверкамі гусі харчаваліся нашмат даўжэй (каб аднавіць страчаную падчас працяглага пералёту энергію) і ўжо ніколі не вярталіся на папярэдняе месца начлегу.

За выкарыстанне піратэхнікі ў грамадскіх месцах у Беларусі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за дробнае хуліганства. Але нават у бязлюдных месцах падрываць петарды не варта.

Нашыя гарады шчыльна заселены птушкамі нават узімку. Адны птушкі начуюць на дрэвах, іншыя ў шчылінах будынкаў, у дуплах і ў штучных гняздоўях. Пусткі і іншыя бязлюдныя месцы напраўду найбольш прывабныя для птушак. Тут на елках могуць хавацца нават вушатыя совы. Калі ў вас атрымаецца пераканаць блізкіх ці сяброў не падрываць піратэхніку — гэта велізарны крок насустрач прыродзе!

Выбухі палохаюць не толькі дзікіх, але і свойскіх жывёл. Кожны год у час зімовых свят з’яўляецца процьма абвестак гаспадароў сабак, якія шукаюць сваіх гадаванцаў, якія збеглі і згубіліся, спалохаўшыся гучных выбухаў.

Гарады Еўропы ўжо пачалі адмаўляцца ад навагодніх феерверкаў. Іх часам замяняюць светлавымі і лазернымі шоу, як у Парыжы і Штутгарце, або светлавымі дэкарацыямі, як у Пярну.

Кітайскія ліхтарыкі таксама вельмі небяспечныя і для людзей, і для жывёл, бо лёгка могуць стаць прычынай пажару. Яны гараць 15-20 хвілін і за гэты час могуць пралятаць да некалькіх кіламетраў, падымацца на вышыню 500 м. Два гады таму ў заапарку ў Крэфельдзе (Германія), у навагоднюю ноч праз кітайскі ліхтарык здарыўся пажар, які цалкам спаліў Дом малпаў. Тады згарэла больш за 30 жывёлаў, у тым ліку вельмі рэдкіх.

З 2020 года запуск кітайскіх ліхтарыкаў у Беларусі забаронены. Такая забарона дзейнічае шмат у якіх іншых краінах, напрыклад, у большасці земляў Германіі, у Аргентыне, Чылі, Калумбіі, Іспаніі і В’етнаме.

У ліпені 2019 года арнітолагі прапанавалі Упраўленню нагляду за бяспекай горных і выбуховых работ, металургічных вытворчасцяў, утылізацыі боепрыпасаў унесці забарону на выкарыстанне піратэхнічных вырабаў на ўсіх асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях Беларусі, а таксама побач з калоніямі птушак (з сакавіка па травень) ды побач з калектыўным начлегам птушак (з чэрвеня па сакавік), каб пазбегнуць калечання ці гібелі птушак.

Некалькі гадоў таму дырэктар нацыянальнага парку “Белавежская пушча” забараніў сваім загадам выкарыстанне піратэхнічных вырабаў на тэрыторыі нацпарку, а палажэнні некаторых заказнікаў, напрыклад, “Лебядзінага”, таксама прадугледжваюць такую забарону, але, на жаль, толькі на яго тэрыторыі, а не побач.

Калі ласка, не ўзрывай петард і салютаў, не запускай кітайскія ліхтарыкі — дбай пра дзікіх і свойскіх жывёл, што жывуць побач!

ВКонтакте

 


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: