Госця з поўначы: на Аўгустоўскім канале пад Гродна зазімавала аляпка

ад 26 студзеня 2021 года

Рэдкую для Беларусі птушку 24 студзеня заўважыла Ганна Лобач.

Аляпка. Фота Юрыя Шашэнькі

Аляпка. Фота Юрыя Шашэнькі

Ганна запосціла сторыз з незнаёмай для сябе птушкай у Інстаграм. Арнітолагі падказалі, што ёй удалося сфатаграфаваць птушку, за якой штогод марна “ганяюцца” вопытныя бёрдвочары.

Аляпка. Фота Юрыя Шашэнькі

Аляпка. Фота Юрыя Шашэнькі

У Беларусі аляпка — рэдкая госця, асабліва ў апошняе дзесяцігоддзе. З моманту апошняй рэгістрацыі гэтай птушкі ў Беларусі прайшло 8 гадоў!

Мы паехалі прагуляцца на Аўгустоўскі канал – расказала Ганна. — У мяне заўсёды з сабой бінокль, я ўважліва сачу дзе што лётае, і тут такая незвычайная птушка, я яе ні разу не бачыла, хаця мы шмат падарожнічаем. Птушка пералятала з каменьчыка на каменьчык – здавалася, знаходзіла нешта смачнае. Яна была там хвілін 40, пакуль мы гулялі вакол. Яна вельмі цікава лётае – рух палёту нагадвае зімародка. Заўсёды цікава даведацца, як называецца птушка, таму я заўсёды раблю сторыз. Калі мне падказалі, што я выпадкова заўважыла від, які не надта часта ў Беларусі можна пабачыць, я ўзрадавалася, што мне так пашанцавала.

Мяркуецца, што да нас аляпкі прылятаюць зімаваць са Скандынавіі і краін Балтыі з наступленнем там працяглых маразоў. Гэтая вераб’іная птушка смела кідаецца ў ледзяную ваду, бегае па дне, збірае насякомых і іншых бесхрыбетных. Хто хаця б раз у жыцці не хацеў бы яе паназіраць ужывую?

 

Цісні на кнопку, каб падпісацца!

На месцах гнездавання аляпка трымаецца чыстых горных рэчак. Прылятаючы да нас на зімоўку, яны шукаюць падобныя ўмовы: адкрытыя ўчасткі хуткаплынных невялікіх неглыбокіх рэчак з камяністымі водмелямі. Большасць назіранняў гэтага віду была зроблена каля Гродна, дзе ў 1990-я гады на рацэ Ласосне некалькі птушак зімавалі штогод. Але пасля 2000 году аляпак тут не бачылі. Магчыма, у сувязі з цёплымі зімамі птушкі пачалі ленавацца ляцець так далёка на поўдзень і зазімавалі бліжэй да месцаў гнездавання. Але тут прыйшло сібірскае надвор’е. Суворыя маразы тыдзень назад падштурхнулі некалькі каманд птушкароў выправіцца на пошукі аляпкі на рацэ Ласосне ў Гродна, а адна з каманд нават аб’ехала ўсе патэнцыйныя месцы на Міншчыне і Віцебшчыне, але марна. Аляпка чакала аматараў птушак на канале пад Сапоцкінам!

Аляпка. Фота Юрыя Шашэнькі

Аляпка. Фота Юрыя Шашэнькі

Перадапошні раз гэтую птушку бачылі ў 2012 годзе на рацэ Ула ў Лепелі, і пра гэтую сустрэчу студыя Aves зняла прыгожае відэа.

Можа, і на тваёй рэчцы сёлета зімуе аляпка?

Тэкст: Алеся Башарымава


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: