Дзе шукаць гілёў?

ад 15 лютага 2021 года

Снежная і марозная зіма прывабіла ў горад з лесу гілёў. Тыя, каму ўдалося пабачыць прыгожую птушку, дзеляцца ў сацсетках сваімі фота. Расказваем, як заўважыць гілёў і чаму важна іх не спалохаць.

Гілі на кармушцы, фота Паўла Аляксеева

Гілі на кармушцы, фота Паўла Аляксеева

Звычайна гілі пужлівыя, але ў маразы могуць падпускаць блізка. Каб сагрэцца, гілі натапырваюць пёркі так, што нагадваюць шарыкі. Гілі стараюцца дарэмна не рухацца, каб не траціць энергію, і кормяцца на адной галінцы, пакуль не аб’ядуць усё насенне на ёй і навокал, куды дацягнуцца. Таму, фатаграфуючы птушак, трэба рабіць гэта максімальна асцярожна і хутка: калі залішняя ўвага іх патурбуе і прымусіць пераляцець некалькі разоў, то яны могуць патраціць больш энергіі, чым здабылі за кароткі зімовы дзень. Гэта можа нават прывесці да гібелі птушкі сцюдзёнай ноччу.

Анастасія Пярко, бёрдвочарка
Ідучы па вуліцы Парніковай каля дома 11, я не адразу заўважыла чародку гілёў на дрэве. Але калі я на секунду падняла галаву, заўважыла некалькі чырвоных сілуэтаў. Некаторыя гілі карміліся насеннем, астатнія проста назіралі за наваколлем. Чародка была невялікая – каля пяці самцоў і толькі 2 самкі. Птушкі ніяк не рэагавалі ні на мяне – нават калі я праходзіла зусім побач з дрэвам, ні на іншых мінакоў. Нават сарока, якая падляцела да іх, ніяк іх не патурбавала. Цікава, што калі праз пару дзён я зноў праходзіла там, яны зноўку сядзелі на тым самым дрэве.

 

Не заўсёды лёгка можна заўважыць нават чырвоных самцоў гілёў. На фоне жоўтых крылатак ясеня, лісця ці гронак ягад нават яны могуць стаць нябачнымі. Запомніце пазыўку (не песню) гілёў, яны даволі часта ўзімку яе выкарыстоўваюць, яна гучыць як “трю-трю”. А тады ўжо глядзіце па баках і ўверх.

Узімку гілі харчуюцца насеннем пладоў каліны, абляпіхі, рабіны, ясеня, клёна, бэзу, таму асабліва ўважліва варта аглядаць гэтыя кусты і дрэвы. Калі пад рабінай або калінай усё чырвонае ад мякаці ягад, а пад ясенем ці клёнам на свежым снезе панакідана шмат крылатак, гэта знак, што проста цяпер тут харчуюцца або нядаўна харчаваліся гілі. Гілёў можна сустрэць і на палыні, ліянах хмелю.

Гілі могуць прыляцець і на кармушку. Галоўнае павесіць яе загадзя і так, каб яна не боўталася, а была трывала замацаваная, не рухалася. Бёрдвочарка Ірына Груздзіловіч кармушку павесіла яшчэ з восені:

У нас на кармушцы толькі семечкі сланечніка. Мінулай зімой мы бачылі гілёў толькі на рабіне, а ў гэтую зіму ў студзені яны ўпершыню пачалі да нас завітваць. Учора было пяць гілёў. А яшчэ да нас нядаўна прыляталі больш рэдкія зімнія птушкі: чачотка, берасцянка і чорны дрозд.

Гілі на кармушцы, фота Ірыны Груздзіловіч

Гілі на кармушцы, фота Ірыны Груздзіловіч

Калі пачне цяплець, гілі вернуцца ў яловыя лясы – менавіта там яны гняздуюць. Але пакуль стаяць маразы і ў птушак ёсць корм, у гараджан ёсць цудоўная магчымасць паназіраць за імі. Галоўнае не палохай іх залішняй увагай і не забывай папаўняць сваю кармушку несалёнымі нясмажанымі чорнымі семечкамі.

Самка гіля, фота Паўла Аляксеева

Самка гіля, фота Паўла Аляксеева

Тэкст: Алеся Башарымава

ВКонтакте


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: