Дзе ўзяць бясплатныя саджанцы дрэў і кустоў?

ад 21 красавіка 2021 года

Хочаш азеляніць свой участак, вёску, школу? Расказваем, як атрымаць саджанцы з лесу.

Спяшайся: сакавік і красавік найлепшыя месяцы, калі можна без праблемы перасадзіць дрэвы і кусты. Каліна, рабіна, крушына ўпрыгожаць участак і пачастуюць насякомых нектарам, калі квітнеюць увесну, а ўзімку падораць свае ягады і насенне птушкам.

Рябина

Проста так выкопваць у лесе маладыя дрэўцы і кусты нельга паводле артыкула 16.17 Адміністратыўнага кодэкса – памеры штрафаў вагаюцца ад 5 да 300 базавых велічынь. Але можна атрымаць для асабістых патрэб бясплатныя саджанцы, звярнуўшыся ў найбліжэйшы лясгас ці лясніцтва.

— Супрацоўнік раскажа пра тое, дзе і якія пароды дрэў і кустоў можна выкапаць, і дамовіцца з вамі на канкрэтны дзень, калі вы зможаце гэта зрабіць, — паведаміў кансультант Упраўлення лясной гаспадаркі Мінлясгаса Сяргей Булах. — Ніякіх заяў для гэтага пісаць не трэба, абмежаванняў па колькасці дрэваў ці кустоў няма.

Звычайна выкопваць саджанцы дазваляюць на ўчастках, дзе плануецца высечка або там, дзе пад буйнымі дрэвамі расце шмат маладняку. Такім дрэўцам цяжка выжыць праз унутраную канкурэнцыю: раслінам не хапае святла і харчовых рэчываў. Ты можаш працягнуць ім жыццё, перасадзіўшы іх на свой падворак.

Аляксандр Вінчэўскі:

— У Валмянскім лясніцтве Чэрвеньскага лясгаса мне ўдакладнілі, што без праблем любыя саджанцы дрэў і кустоў можна забіраць з-пад ліній ЛЭП, якія праходзяць праз лясы. Звычайна пад імі знішчаюць амаль усе дрэвы, але калі вы нешта знойдзеце – можаце забраць сябе бясплатна. На ўсялякі выпадак ўдакладніце гэтую інфармацыю ў суседнім лясніцтве.

Ствары куток дзікай прыроды побач з сабой, і ён падорыць табе цікавыя назіранні і добры настрой!

Тэкст: Алеся Башарымава

Телеграм


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: