Свіргулі паставілі новы хуткасны рэкорд!

ад 7 чэрвеня 2021 года

Свіргулі вядомыя тым, што хуткасць палёту падчас міграцыі ў іх адна з самых высокіх сярод дробных пералётных птушак. Большую частку жыцця яны праводзяць у паветры – да 10 месяцаў на год. Навукоўцы лічылі, што за дзень міграцыі яны пралятаюць у сярэднім 500 км. Новыя дадзеныя, апублікаваныя 20 траўня 2021 года ў часопісе iScience, показваюць, што гэтая ацэнка састарэла.

Свіргуль. Фота Мікалая Вараб'я

Свіргуль. Фота Мікалая Вараб’я

Сачэнне з дапамогай мініятурных геалакатараў за чорнымі свіргулямі паказала, што яны пралятаюць у сярэднім 570 км за дзень падчас міграцыі, пры гэтым яны здольныя рухацца яшчэ далей і хутчэй. Максімальная зарэгістраваная дыстанцыя ў даследаванні склала больш за 830 км за дзень на працягу дзевяці дзён!

Мы пабачылі, што свіргулі, якія размнажаюцца ў самай паўночнай частцы еўрапейскага гнездавога арэала, здзяйсняюць самыя хуткія міграцыі свіргулёў, якія рэгістраваліся дагэтуль. Гэта пераўзыходзіць усе прагнозы, — кажа Сюсан Окесан з Лундскага ўніверсітэта ў Швецыі. – Выглядае на тое, што такой высокай хуткасці свіргулі дасягаюць на значнай адлегласці (у сярэднім каля 8000 км у адзін бок) увесну, выкарыстоўваючы змяшаную стратэгію міграцыі. Гэта значыць, яны часам спыняюцца, каб нармальна падсілкавацца, а часам лятуць бесперапынку, харчуючыся па-трошкі штодня.

Свіргулі харчуюцца на ляту, ім не трэба адкормлівацца перад палётам, як многім іншым птушкам. Без лішняга запасу тлушчу ляцець атрымліваецца хутчэй. Але ёсць у свіргулёў яшчэ адна хітрасць. Навукоўцы лічаць, што яны выбіраюць час для міграцыі так, каб падчас перыяду пералёту ім спрыяў вецер.

Гэта значыць, што яны рэагуюць не на мясцовыя вятры наўпрост, а на тое, што чакаецца па маршруце ў наступныя некалькі дзён, — кажа Сюсан.

Як ім удаецца рабіць такія прагнозы наконт ветру, пакуль няясна. Окесан мяркуе, што яны арыентуюцца на ціск паветра. У любым разе, такая стратэгія выбару часу адлёту дае ім дадатковыя 20% падтрымкі ад спадарожнага ветру ўвесну ў параўнанні з восенню. Найбольш вятры спрыяюць іх хуткасці пры перасячэнні Сахары і Міжземнага мора.

Палёт на экстрэмальнай вышыні

Хуткасць палёту чорных свіргулёў не з’яўляецца выключнай (каля 10 м на секунду) у параўнанні з іншымі пералётнымі птушкамі, — гаворыць Окесан. – Але іх стратэгіі спрыяюць высокай агульнай хуткасці міграцыі.

Даследчыкі адзначаюць, што лад жыцця свіргулёў і іх залежнасць ад насякомых можа паставіць іх пад пагрозу праз выкарыстанне людзьмі пестрыцыдаў. Змены клімату і рэжыму вятроў таксама могуць паўплываць на свіргулёў, але як менавіта, невядома.

Окесан і калегі працягнуць сачыць за свіргулямі ў розных частках свету. Яны спадзяюцца даведацца больш пра тое, як іх фізіялогія спрыяе такому мабільнаму ладу жыцця.

Тэкст: Cell Press, пераклад і адаптацыя Алесі Башарымавай

ВКонтакте


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: