Бачыш птушаня сокала на зямлі? Расказваем, як дапамагчы

ад 6 чэрвеня 2022 года

У сокалаў птушаняты вылецелі з гнёзд і пачынаюць дарослае жыццё. Шмат людзей знаходзяць сакалянят на зямлі ці на балконе. Тлумачым, якая дапамога патрэбная такім птушанятам.

Пустальга за акном. Антон Іваноў

Пустальга за акном. Антон Іваноў

Усё часцей “чырванакніжныя” сокалы-пустэльгі селяцца ў гарадах. Самі гнёзд яны не будуюць, найчасцей селяцца ў нішах на апошніх паверхах шматпавярховак, часам займаюць гнёзды іншых птушак.

Пустальжаняты ў нішы. Фота Аляксандра Мініча

Пустальжаняты ў нішы. Фота Аляксандра Мініча

Сакаляняты часам выпадаюць з гнёзд падчас гульні або іх саштурхоўваюць старэйшыя браты ці сёстры. На зямлі яны могуць стаць ахвярай катоў і сабак, трапіць пад колы машын.

Што рабіць, калі знайшоў птушаня на зямлі?

Што рабіць, убачыўшы птушаня сокала-пустальгі на зямлі?

Калі птушаня ўжо цалкам у пер’ях, то павінна ўмець лётаць, але з зямлі яму ўзляцець складаней, чым з вышыні. Акуратна вазьміце птушку аберуч, прыціскаючы ёй крылы, і падсадзіце на навес над пад’ездам, дах гаража ці любога будынка паблізу з плоскім дахам.

Дарослыя птушкі выдатна бачаць сваіх птушанят зверху, знойдуць іх і будуць дакормліваць найбліжэйшыя тыдні, пакуль маладыя сокалы навучацца паляваць і пачнуць самастойнае жыццё, — кажа рэдактар сайта “Птушкі штодняДзмітры Вінчэўскі. — А каб бацькі не забывалі свае абавязкі, маладыя птушкі сочаць за небам і крыкамі прыцягваюць да сябе ўвагу, так што падсадзіць птушак у бяспечнае адкрытае месца — найлепшы для ўсіх варыянт.

Калі птушаня яшчэ ў пуху, то па магчымасці яго трэба як мага хутчэй вярнуць у гняздо. Удакладні ў людзей з апошняга паверху або ў камунальнай службы, як атрымаць доступ да ніш на апошніх паверхах будынка, адкуль, меркавана, выпала птушаня.

Абавязкова вызначыце, як даўно птушаня галадае, — раіць Аляксандр Мініч. – Для гэтага трэба абмацаць кіль – костку на грудзях. Калі птушаня паводзіцца “спакойна”, калі вы бераце яго ў рукі, і кіль у яго моцна выступае, то яно галоднае, знясіленае і ўжо доўга сядзіць на зямлі. Падкарміць яго можна сырой курыцінай, але ні ў якім разе не ежай з чалавечага стала.

Параненай птушцы трэба дапамога спецыялістаў. Гэты від уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі, і вымаць яго з дзікай прыроды (нават каб дапамагчы) без дазволу забаронена.  

Паводле заканадаўства спачатку трэба звярнуцца ў раённую ці гарадскую інспекцыю, Мінскі камітэт Мінпрыроды. Спецыяліст падкажа, што рабіць далей.

Сокала нельга саджаць у клетку, бо ён абламае пер’е аб пруты. Яго трэба змясціць часова ў каробку, якую на час ператрымкі паставіць у зацішнае зацененае месца.

Пустальга ў скрыні, фота чытача з Брэста

Пустальга ў скрыні, фота чытача з Брэста

Дапамагчы параненай птушцы могуць ветэрынары, якія займаюцца птушкамі ў Мінску або Цэнтр дапамогі для дзікіх жывёл «Сірын» пад Мінскам: +375 (29) 191-38-78. Таксама траўмаваных і знясіленых пустэльг прымаюць у Магілёўскім заасадзе (+375 (222) 78-09-94 -) і Гродзенскім заапарку (+375 (152) 622912). Спытаць параду наконт дапамогі ў іншых рэгіёнах можна ў Telegram-чаце “Ціў-ціў”.

Выпуск маладой пустальгі на волю пасля рэабілітацыі ў Гродзенскім заапарку. Фота Дзмітрыя Вінчэўскага, birdwatch.by

Выпуск маладой пустальгі на волю пасля рэабілітацыі ў Гродзенскім заапарку. Фота Дзмітрыя Вінчэўскага, birdwatch.by

Маладая пустальга ляціць у дарослае жыццё пасля рэабілітацыі. Фота Дзмітрыя Вінчэўскага, birdwatch.by

Маладая пустальга ляціць у дарослае жыццё пасля рэабілітацыі. Фота Дзмітрыя Вінчэўскага, birdwatch.by

Чытай, як у 2021 годзе шэсць маладых сокалаў-пустэльг, якіх знясіленымі прынеслі ў заапарк людзі, атрымалася пасля рэабілітацыі вярнуць на волю, папярэдне акальцаваўшы іх. Дзякуючы кольцам можна будзе больш даведацца пра іх далейшы лёс.

Тэкст: Алеся Башарымава


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: