Кажаня на зямлі? Расказваем, як вярнуць яго матулі!

ад 4 ліпеня 2022 года

Што рабіць, калі знойдзеш малое кажаня?

У ліпені падчас сезона размнажэння кажаноў нярэдка здараецца, што кажаняты выпадаюць са сховішча, дзе месціцца калонія, і рызыкуюць загінуць.

Кажаня. Фота Арцёма Зянкевіча

Кажаня. Фота Арцёма Зянкевіча

Калі ўбачыш такое кажаня, трэба ў гэты ж вечар паспрабаваць уз’яднаць яго з матуляй. Рабіць гэта трэба ў цёплае надвор’е без дажджу. Калі ж надвор’е неспрыяльнае, звяжыся з хіраптэролагам: +375 29 213 92 57 (Вайбер, Тэлеграм).

Кажаня павінна быць цёплае і актыўнае, інакш не зможа паклікаць маму, — кажа хіраптэролаг Аляксей Шпак. — У холадзе яно засынае, таму перад выпускам патрымайце звярка ў цяпле. Час ад часу паіце яго вадой з піпеткі ці лыжачкі.

Аперацыю па ўз’яднанні сям’і кажаноў трэба праводзіць у прыцемках недалёка ад таго месца, дзе было знойдзена кажаня, або ад меркаванага месца калоніі кажаноў.

Пасадзі кажаня на падрыхтаваную загадзя светлую прысаду і чакай паблізу. На светлым фоне табе будзе лепш відаць, што адбываецца.

Калі прыляцяць кажаны, маляня іх пачуе і пачне клікаць маці. Ты гэтых ультрагукаў можаш не пачуць або пачуць толькі шчаўчкі. Дарослыя звычайна адказваюць на гэтыя крыкі і цікавяцца імі, могуць нават сесці на прысаду побач з малым, але чужое дзіця карміць яны не будуць. Калі прыляціць маці, кажаня паспрабуе схавацца ёй пад крыло, потым яна можа даць яму папіць малака некалькі хвілін, а затым зляціць разам з ім.

Калі маці так і не прыляціць, схавай кажаня назад у скрынку, пастаў у надзейнае месца і пракансультуйся з хіраптэролагам, што рабіць далей.

Як зрабіць прысаду? Самы просты і хуткі, але не самы надзейны, спосаб – загадзя нацягнуць у месцы выпуску кажаняці вяроўку для бялізны, потым узяць пальцамі за цэнтр светлы кухонны ручнік, а другой рукой праз той жа ручнік узяць кажаня і даць яму як след учапіцца ў тканіну. Ручнік павесіць на нацягнутую вяроўку, замацаваўшы ў цэнтры сашчэпкай.

На зямлі пад ручніком паставіць паддон або раскласці яшчэ адзін светлы ручнік, на якім можна будзе  адразу знайсці кажаня, калі яно ўпадзе. Галоўнае, каб ручнік не быў махровы, бо ў такім кажаня заблытаецца кіпцюрамі.

Больш надзейную прысаду можна зрабіць са звычайнай палатнянай торбы светлага колеру, якую потым можна павесіць на драбіны, выстаўленыя ў патрэбным месцы.

Торба-прысада. Фота Мэгі Браўн і Кіт Вуд

Торба-прысада. Фота Мэгі Браўн і Кіт Вуд

Унутр торбы кладзецца грэлка ці бутэлька з цёплай вадой (ад гарачай могуць быць апёкі), зверху прымацоўваецца гладкая кардонка, складзеная ўздоўж, каб атрымаўся навес, пад якім кажаня будзе адчуваць сябе ўтульна. Верхнія краі торбы трэба змацаваць сашчэпкамі для бялізны або скотчам, каб кажаня не залезла ўсярэдзіну. Яно павінна сядзець на паверхні торбы з таго боку, дзе кардонны навес.

Астатнія краі торбы лепш абклеіць шырокім скотчам: гладкая паверхня не дазволіць кажаняці пералезці на другі бок.

Прысада гатовая! Калі наступяць прыцемкі, пасадзі кажаня на пярэдні бок торбы (той, дзе кардонны навес), унізе пасцялі светлы кухонны ручнік ці пастаў паддон.

Чакай побач, але паводзься ціха і старайся не карыстацца ліхтарыкам: святло можа напужаць кажаноў. Сачы, каб кажаняткам не зацікавіліся каты.

Памятай: кажанам пагражае знікненне. 8 відаў рукакрылых уключана ў Чырвоную кнігу Беларусі. Не разбурай калоніі кажаноў! Яны не нясуць людзям небяспекі. Затое карысць ад кажаноў вялікая: удзень твой участак ад насякомых-“шкоднікаў” ачышчаюць птушкі, а ўначы – кажаны.

Тэкст: Алеся Башарымава

ВКонтакте


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: