Доўгая дарога ў вырай: як мігруюць нашы птушкі?

ад 30 жніўня 2021 года

Усё часцей у небе і на палях можна пабачыць вялікія чароды птушак: хтосьці рыхтуецца да адлёту, хтосьці ўжо даляцеў, а нехта яшчэ кіруе ў вырай. Якія стратэгіі для міграцыі выбіраюць птушкі і наколькі цяжка ім даецца пералёт на месцы зімоўкі?

Белы бусел

Белы бусел. Фота Мікалая Вараб’я

Раней за ўсіх адлятаюць некаторыя дальнія мігранты, якія зімуюць у Паўднёвай Афрыцы. У пачатку ліпеня ў Зімбабве адлятаюць першыя беларускія зязюлі. Буслы ўжо з канца ліпеня збіраюцца ў вялікія чароды і да канца жніўня ўсе адляцяць на зімоўку.

Кулік-случок. Фота Makoto Miharu

Але, напрыклад, кулік-случок зімуе даволі блізка, у Грэцыі і Ізраілі, але адлятае вельмі рана. Восеньская міграцыя ў яго пачынаецца ў канцы траўня! Спачатку пакідаюць Беларусь дарослыя птушкі, а маладыя – недзе праз месяц. Многія кулікі, асабліва кулікі-селянцы, пясочнікі стараюцца пасля сезона рамнажэння хутка зляцець, каб пакінуць маладым больш смачнай ежы. А вось у кнігаўкі і вялікага зуйка дарослыя птушкі адлятаюць разам з маладымі.

Ужо адляцелі нашы кулікі-цекуны, бакасы. Але гэтыя віды ўсё яшчэ можна пабачыць у нас: праз нас ляцяць тыя птушкі, што гняздуюцца ў Скандынавіі, у Расіі, — кажа кіраўнік Тураўскай станцыі кальцавання Павел Пінчук. — Пакінулі краіну амаль усе крычкі, зараз ляцяць пячураўкі, лескі, чаротаўкі і цвыркуны – гэта раннія мігранты. З уюрковых адляцеў чаромашнік, гэты від ляціць на Усход, у Індыю. Туды мігруе вельмі мала нашых відаў. Асноўныя напрамкі – Афрыка, Паўднёвая і Заходняя Еўропа.

Чаромашнік. Фота Віталя Некрашэвіча, Брэст

У верасні паляцяць дразды. Можна заўважыць і перамяшчэнні сініц. Амаль усе віды нашых сініц аседлыя, але качуюць на невялікія адлегласці. А вось вялікая сініца — бліжні мігрант, пералятае даволі далёка на захад ці паўднёвы захад. А да нас прылятаюць вялікія сініцы з іншых месцаў.

Як даляцець?

У пералётных птушак ёсць дзве асноўныя стратэгіі міграцыі: мінімізацыя часу і мінімізацыя энергазатрат.

Прыклад першай стратэгіі – дубальт, птушка-рэкардсмен. Ён далятае да Афрыкі за 2-3 дні без пасадкі, падчас падарожжа падымаючыся на вышыню да 8,5 км, а хуткасць яго палёту можа дасягаць 100 км/г, а са спадарожным ветрам і ўсе 150 км/г. Але для такога пералёту яму трэба месяц назапашваць энергію. Ён наядае 70-80% ад масы цела і потым за 2-3 дні гэта ўсё скідвае. Каб набраць такую масу, важна, каб яго гэты месяц не турбавалі: яму трэба карміцца, карміцца і карміцца.

Бесперапынны пералёт дазваляе пазбегнуць драпежнікаў і іншых небяспек. Бывае, аднак, што запасу энергіі не хапае, і птушка вымушаная спусціцца, каб адпачыць. Гэта заўсёды рызыка. Так, аднойчы акальцаваны ў Тураве дубальт зрабіў прыпынак у Паўночнай Італіі, і там яго застрэлілі.

Прыклад другой стратэгіі – бакас. Гэты кулік ляціць не надта далёка, з прыпынкамі на кармленне і адпачынак, робіць пералёты па 100-200 км.

Выпрабаванні міграцыі

Міграцыя – магутны фактар натуральнага адбору. З тых птушанят, што пачалі лётаць, на наступны год выжывае менш за палову.

На шляху міграцыі бываюць складаныя ўчасткі. Напрыклад, калі вераб’іныя ляцяць з Ізраіля ва Усходнюю Афрыку, ім трэба перасекчы пустыню Сахара. Калі ў птушкі будзе недастаткова энергіі і яна не знойдзе аазіс, яна загіне.

Шмат птушак гіне ад драпежнікаў. Прыгожы сокал Элеаноры, які гняздзуе на астравах Міжземнага мора, выводзіць птушанят у канцы лета, якраз калі ідзе масавая восеньская міграцыя птушак.

Тайфуны, цыклоны, рэзкія змены надвор’я, пажары могуць збіваць птушак з маршруту. Гэта павялічвае працэнт іх гібелі, бо ім даводзіцца шукаць дадатковыя месцы для прыпынку. Пасля штормаў у некаторых месцах могуць апынуцца незвычайныя птушкі.

Такое было ў Тураве ў 2007 годзе, калі было жахлівае надвор’е на Балтыцы, моцны вецер, дажджы, — расказаў Павел Пінчук. — У нашых польскіх калег-арнітолагаў на станцыі кальцавання траплялася вельмі мала птушак, а ў нас у Тураве — чароды ісландскіх пясочнікаў, малыя грыцукі, кулікі-гразевікі – надзвычай рэдкія для Беларусі віды.

Надвор’е можа і фізічна забіваць птушак: трапіўшы ў моцны халодны дождж, яны могуць загінуць ад пераахаладжэння.

Нямала птушак памірае ад батулізму, птушынага грыпу і іншых хвароб. Гэта звязана з тым, што падчас міграцыі птушкі збіраюцца ў вялікія чароды.

Натуральных перашкод і пагроз, як бачым, шмат, але нямала і створаных чалавекам.

Птушкі, якія ляцяць ад нас ва Усходнюю Афрыку праз Бліжні Усход, Кіпр, Мальту, часта становяцца ахвярамі браканьераў, якія забіваюць іх для рэстаранаў ці проста каб пахваліцца сваёй “зухаватасцю”. Птушкі, якія ляцяць у Заходнюю Еўропу, трапляюць пад моцны прэс паляўнічых у Францыі, Італіі і Іспаніі.

Бываюць выпадкі масавых атручванняў птушак пестыцыдамі на поўдні Украіны і Расіі, калі чароды спыняюцца пакарміцца на сельскагаспадарчых палетках.

Бадзяжныя кошкі забіваюць мільёны птушак, асабліва маладых вераб’іных, аслабленых пералётам.

Шмат нашых буслоў і іншых птушак разбіваецца падчас міграцыі аб правады, мільёны птушак гінуць, сутыкаючыся з шыбамі будынкаў. Тут можна пачытаць пра спосабы зрабіць свае вокны бяспечнымі для птушак.

 

Цісні на кнопку, каб падпісацца!

Адзін з найважнейшых фактараў гібелі птушак на міграцыі – знікненне месцаў кармлення, напрыклад, асушэнне прыбярэжных зон. Класічны прыклад – з Жоўтым морам у Кітаі: калі там асушылі ўчастак, дзе спынялася шмат відаў птушак, то на зімоўках у Аўстраліі іх зрабілася нашмат менш. Знішчэнне лясоў, зарасцей трыснягу, разворванне паплавоў таксама вядзе да гібелі птушак.

Тэкст: Алеся БашарымаваВКонтакте


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: