Канцэрт у кустах: слухай салаўя і леску-чорнагалоўку!

ад 10 мая 2023 года

Травень — самы час выбрацца з сям’ёй ці сябрамі на прагулку і паслухаць найлепшых крылатых спевакоў.

Салавей. Фота Мікалая Вараб’я

Салавей звычайны. Фота Мікалая Вараб’я

Спеваком № 1 сярод нашых птушак людзі лічаць салаўя. Гэта невялікая птушка — важыць усяго каля 25 г. Пачуць яго нескладана, а вось разглядзець у лістоце цяжка.

Салаўі ды многія іншыя птушкі шукаюць ежу — насякомых і іх лічынак, павукоў, дробных малюскаў і дажджавых чарвякоў — пад шатамі хмызняку, у леташняй лістоце. Таму вельмі важна ў населеных пунктах пакідаць участкі з непрыбранай лістотай.

Меладычны салаўіны пошчак можна пачуць з пачатку траўня і да сярэдзіны чэрвеня. Спачатку птушкі спяваюць з раніцы амаль да паўночы, потым толькі ўвечары і раніцай. Сярэдзіна траўня — самы пік салаўіных спеваў, калі іх можна пачуць нават удзень.

Самцы перастаюць спяваць, як толькі ў гнёздах з’яўляюцца птушаняты, бо іх выкормліваюць абодва бацькі. 50 дб — гучнасць спеваў салаўя.

Соловей

Салавей. Фота Дзмітрыя Якубовіча

Кожная песня салаўя складаецца з 6-12 элементаў, якія паўтараюцца. Часам іх яшчэ называюць каленамі. Кожнае калена мае назву. Напрыклад, «пошчак», «раскат», «дудка лешага», «зязюльчын пералёт», «гусачак» ды інш. У песні ёсць «запеўка», энтральная частка і фінал. Некаторыя салаўі чаргуюць калены і маюць да 23 рознатыповых песень.

Спеваком № 2 некаторыя знаўцы птушыных спеваў лічаць леску-чорнагалоўку (черноголовую славку), гэта таксама невялічкая птушка, меншая за вераб’я. Спявае галоўным чынам удзень, пачуць яе можна аж да канца ліпеня.

Самец лескі-чорнагалоўкі. Аляксей Вайцянкоў

Самец лескі-чорнагалоўкі. Фота Аляксея Вайцянкова

Песня лескі-чорнагалоўкі прыгожая і даволі гучная, складаная, непаўторная, практычна без паўзаў, складаецца з серыі доўгіх пералівістых строф, у пачатку ціхіх, затым гучных флейтавых гукаў, добра запамінаецца. Яе пачатак можа гучаць як ціхае мармытанне. Самец падчас спеву можа перамяшчацца па ўчастку. 

Леска-чорнагалоўка, самка. Віталь Некрашэвіч 800

У самкі лескі-чорнагалоўкі «шапачка» прыблізна той жа формы, што і ў самца, але не чорная, а карычнева-рыжаватая. Фота Віталя Некрашэвіча

Леску-чорнагалоўку можна пачуць амаль там жа, дзе і салаўя, — у лясах і месцах з густымі зарасцямі кустоў. 

Перад тым, як выправіцца на прагулку, паслухай запіс песні салаўя і лескі-чорнагалоўкі, каб дакладна іх пазнаць. Яшчэ вызначыць спевака табе можа дапамагчы мабільны дадатак BirdNET. Дзяліся сваімі назіраннямі і задавай пытанні іншым птушкарам у Тэлеграм-чаце “Ціў-ціў”.  Там ты можаш таксама знайсці кампанію для прагулкі ў сваім горадзе.

Телеграм


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: