Нацпарк “Прыпяцкі” падарыў птушкам 110 домікаў: хто навасёлы?

ад 17 чэрвеня 2022 года

Штогод нацыянальны парк “Прыпяцкі” робіць і развешвае на сваёй тэрыторыі дамкі для птушак. Гэтай зімой лясніцтвы нацпарка падрыхтавалі 250 “кватэр” для птушкі 2022 года – князька, самай рэдкай сініцы Беларусі. 110 з іх развесілі ў гэтым сезоне і зараз правяраюць.

Сінічнікі. Фота Паўла Пінчука

Сінічнікі. Фота Паўла Пінчука

Князёк, або белая сініца, — “чырванакніжная” птушка, якая ў Беларусі мае самы заходні арэал і сустракаецца толькі на Палессі, як правіла, у пойме Прыпяці і яе прытокаў, бо для гнездавання ёй патрэбны дубровы, чорнаалешнікі і старыя вербалозы, якія ўвесну заліваюцца вадой падчас паводкі.

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

З жытлом у белых сініц ёсць праблемы: знікненне поймавых дуброў, знішчэнне вялікіх вербаў, палы травы, калі агонь можа перакідацца на дрэвы з дупламі, дзе робяць гнёзды гэтыя птушкі.

Таму развешванне сінічнікаў – важны спосаб дапамагчы князькам. Так, сёлета каля вёскі Крэмнае паблізу ад Турава супрацоўнікі нацпарку павесілі вуліцу домікаў на дамбе з боку поймы, і князькі пабудавалі ў адным з іх гняздо. Арнітолагі акальцавалі дарослых птушак і 11 птушанят: гэта, магчыма, дазволіць атрымаць новыя навуковыя дадзеныя пра гэты мала вывучаны від.

На гэты момант гэта адзіны дамок з развешаных, які занялі белыя сініцы, але праверка сінічнікаў яшчэ не завершана. З некаторых птушаняты ўжо вылецелі і дакладна нельга сказаць, чыё гняздо там было. На адным участку побач з вёскай зусім нядаўна арнітолагі назіралі тры пары белых сініц, якія актыўна паводзіліся. У доміках быў гнездавы матэрыял: відаць, што толькі пачалі насіць. Таму цалкам імаверна, што там могуць быць гнёзды гэтых князькоў.

Гэта нармальны вынік, — кажа арнітолаг нацыянальнага парку “Прыпяцкі” Павел Пінчук. – Зараз незразумелы сезон, белых сініц мала, новых месцаў няма.  Адчуванне, што зараз адбыўся спад папуляцыі. Так, у Альшанах на тых вядомых месцах, дзе белыя сініцы заўсёды былі, гэтай зімой мы назіралі адзінкавыя пары. Хаця зіма не была суровая.

Падчас праверкі спецыялісты нацпарку чысцяць старыя незанятыя сінічнікі. На сёння можна сказаць, што каля паловы домікаў абжылі сінія і вялікія сініцы ды пярэстыя валасяніцы.

Як чысціць домікі для птушак?

На жаль, без страт не абышлося: адзін домік расстралялі паляўнічыя, ён яшчэ быў пусты на той час. Другі сінічнік згарэў падчас пажару, які пачаўся хутчэй за ўсё з палаў травы, пасля чаго агонь перакінуўся на кусты, якія згарэлі цалкам. Не ўберагло дамок нават тое, што ён быў размешчаны даволі высока, на вышыні каля 2,5 метра. Ён быў таксама хутчэй за ўсё пусты, бо пажар здарыўся ў красавіку.

Сінічнік, павешаны на вышыні 2,5 метры, згарэў падчас пажару. Фота Андрэя Шэўчыка

Сінічнік, павешаны на вышыні 2,5 метры, згарэў падчас пажару. Фота Андрэя Шэўчыка

Рэшткі згарэлага сінічніка

Рэшткі згарэлага сінічніка. Фота Андрэя Шэўчыка

Раней у нацпарку выраблялі і развешвалі звыклыя многім шпакоўні. Арнітолагі бачаць пазітыўны момант у тым, што цяпер ім на змену прыйшлі сінічнікі.

Развешваючы замест шпаковень сінічнікі, мы не разводзім у вялізнай колькасці шпакоў і прыбіраем канфлікт чалавека з птушкамі, калі шпакі выводзяцца тысячамі і з’ядаюць ураджай вішань, чарэшань, дурніц, і людзі потым гатовы забіваць усіх птушак, — тлумачыць Павел Пінчук. – Людзі ж не выбіраюць, які від: вінаваты шпак – вінаваты ўсе.

Сініцы і валасяніцы ж выядаюць вельмі шмат насякомых, якія шкодзяць сельскай гаспадарцы. Дамкі, развешаныя ў пойме, знаходзяцца акурат побач з вёскамі, нівамі і палеткамі. Зараз гербіцыдымі і інсектыцыдамі карыстаюцца практычна некантралявана: усё ў свабодным доступе, каштуе капейкі. Мы яшчэ не ведаем маштабу ўплыву гэтай хіміі на нашых птушак. Дапамога насякомаедных птушак можа дазволіць менш выкарыстоўваць хімію, весці сельскую гаспадарку больш экалагічна.

Калі ў вас на ўчастку яшчэ няма сінічніка, вы можаце яго зрабіць самі.

Вам спатрэбіцца:

  • дошка таўшчынёй 2 см, шырынёй 14 см і даўжынёй 127 см;
  • шрубы па дрэве 4,0*50 – 16 штук;
  • шрубакрут;
  • фрэза або пёравы свердзел дыямэтрам 28 мм, каб выразаць ляток;
  • антысептык (неабавязкова).

Распілуйце дошку на часткі паводле схемы. Ні ў якім разе не габлюйце унутраныя сценкі і падлогу сінічніка: яны павінны быць шурпатымі, каб птушаняты маглі выбрацца на волю.

Злучыце часткі шрубамі так, як паказана на малюнку.

Пакрыйце гатовы сінічнік антысептычнай вадкасцю.

Павесьце сінічнік на дрэве (для князька – у пойме палескай ракі, для іншых відаў – у двары або парку), прыматаўшы дротам на вышыні 1,5-2,5 метры так, каб дамок быў крыху нахілены ўперад, ад ствала. Так птушанятам будзе лягчэй выбрацца адтуль. Вешайце сінічнік не з паўднёвага боку, каб птушаняты не загінулі ад перагрэву. Развеску дамкоў трэба рабіць як мага раней, да 15 красавіка.

https://www.facebook.com/APB.BirdLife.Belarus/

 


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: