Навукоўцы абвясцілі конкурс, каб знайсці самую вялікую буслянку ў Еўропе: удзельнічай!

ад 2 верасня 2022 года

Белыя буслы на гняздзе

За апошнія стагоддзі белы бусел паспяхова прыстасаваўся да гнездавання побач з чалавекам і часта будуе свае гнёзды на пабудовах. Штогод гнёзды птушкамі надбудоўваюцца і павялічваюцца ў памерах. Каб знайсці самае вялікае і самае цяжкае гняздо віду (якое, хутчэй за ўсё, будзе і самым старым), польскія арнітолагі праводзяць конкурс з узнагародамі: 10 удзельнікаў, якія дашлюць дадзеныя пра самыя вялікія і цяжкія гнёзды віду, размешчаныя ў Еўропе, атрымаюць наборы каштоўных кніг-вызначальнікаў на англійскай мове.

Для таго, каб даведацца масу гнязда, не трэба яго ўзважваць — дастаткова скарыстацца спецыяльным калькулятарам. Яго стварылі навукоўцы з універсітэта ў Беластоку, Інстытута дэндралогіі Польскай акадэміі навук і ўніверсітэта ва Уроцлаве (Польшча). Для гэтага яны ўзважвалі буслянкі падчас іх замены на меншыя па масе. Калькулятар вылічвае прыкладную масу гнязда на аснове ўведзеных памераў – яго дыяметра і вышыні. Ён даступны для выкарыстання тут: www.gniazdo.ptop.org.pl.

Як бяспечна памераць гняздо бусла і вылічыць яго масу?

Для таго, каб памераць вышыню і дыяметр гнязда, не трэба залазіць да яго з рулеткай, бо гэта можа быць вельмі небяспечна і для вымяральніка, і для гнязда. Найпрасцей вылічыць патрэбныя памеры з дапамогай прадметаў вядомай даўжыні, якія знаходзяцца побач з гняздом: дахоўкі ( часцей за ўсё 42×33 cм), цэглы (25x12x 6,5 см), платформы пад гняздо (звычайна 120×120 cм), ці параўнаннем з самім буслом на гняздзе (яго вышыня пр. 1 м).

Пасля таго, як вылічаныя шырыня (=дыяметр), – у калькулятары па-польску Średnica, і вышыня – wysokośc, з дапамогай калькулятара на старонцы www.gniazdo.ptop.org.pl атрымліваем масу гнязда. У выпадку, калі атрыманыя намі велічыні перавышаюць тыя, што можна ўвесці у адпаведныя палі калькулятара, дашліце толькі памеры гнязда, без вылічанай масы.

Якую інфармацыю трэба даслаць на конкурс?

Памеры гнязда (дыяметр і вышыню), а таксама яго вылічаную з дапамогай калькулятара масу разам са здымкам, які зроблены такім чынам (разам з прадметамі вядомай велічыні), каб на іх падставе можна было пацвердзіць памеры гнязда, разам з назвай мясцовасці, дзе знаходзіцца гняздо, датай, калі зроблены здымак, імем і прозвішчам аўтара лацінкай як удзельніка конкурсу, трэба даслаць на адрас a.zbyryt@uwb.edu.pl

Інфармацыю на конкурс чакаюць да 15.10.2022 г.

Узнагароды (наборы вызначальнікаў на англійскай мове) пасля падвядзення вынікаў будуць дасланыя на пададзены паштовы адрас дзесяці ўдзельнікам-пераможцам, якія дашлюць неабходную інфармацыю і здымкі самых вялікіх і цяжкіх гнёздаў белага бусла.

Конкурс з’яўляецца часткай праекту па прамоцыі навукі „Nie udźwigniesz, taki to ciężar! Popularyzacja kalkulatora masy gniazd bociana białego”, які рэалізуецца за грошы Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы (SONP/SP/513911/2021[1]). Калькулятар быў створаны ў рамках праекта Life, які рэалізавала Polskie Towarzystwо Ochrony Ptaków „Ochrona bociana białego w dolinach rzecznych wschodniej Polski” (LIFE15 NAT/PL/000728).

Паводле www.biologia.uwb.edu.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для birdwatch.by

Здымак — Юлія Якімчык

Телеграм

 


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: