Птушкі ў аб’ектыве: запісвайся на Адкрыты чэмпіянат па фотабёрдынгу!

ад 20 верасня 2022 года

1 кастрычніка 2022 года адбудзецца Адкрыты чэмпіянат па фотабёрдынгу — далучыцца можа кожны, хто цікавіцца птушкамі. Чэмпіянат пройдзе ў Мінску або ваколіцах.

ЗАРЭГІСТРАВАЦЦА НА ЧЭМПІЯНАТ

Арганізатар спаборніцтваў — Біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ).

Афіша фотабёрдынг 2022

Зараз ідзе восеньская міграцыя і праз Беларусь лятуць мільёны птушак. Гэта выдатны час, каб паназіраць за птушкамі ў бінокль ці праз аб’ектыў фотаапарата.

Што трэба рабіць?

Знайсці партнёра ў каманду ці падрыхтавацца ўдзельнічаць самому (самой).

Падсілкаваць батарэі да сваёй камеры.

У суботу 1 кастрычніка з 9.00 да 14.00 фатаграфаваць дзікіх птушак у прыродзе – месца для назіранняў арганізатары паведамяць напярэдадні чэмпіянату.

А каб перамагчы ў чэмпіянаце, трэба ў адзначаны час наздымаць як мага больш розных відаў птушак.

За кожны від налічваюцца балы. Прычым найбольш балаў за кожны від атрымаюць тыя, хто правільна вызначыць від сфатаграфаванай птушкі. Зрабіць гэта дапамогуць як папяровыя вызначальнікі, так і анлайн-вызначальнік або мабільны дадатак.

Таму не трэба фатаграфаваць па-мастацку, галоўнае, каб па фота можна было разабраць, што за від.

Як фатаграфаваць птушак у натуральным асяроддзі? Вось некалькі парадаў.

Чемпионат по фотобердингу

Увага: змяніліся правілы

Асноўная змена: новая намінацыя для самай шчодрай каманды. У гэтым годзе падчас чэмпіянату дазваляецца і заахвочваецца ўзаемадапамога паміж удзельнікамі і камандамі. У графе “Заўвагі” (“Примечания”) пры запаўненні чэк-ліста можна адзначыць удзельніка або каманду, якія падказалі вам месца знаходжання сфатаграфаванага віду.

Пампуйце падрабязныя правілы чэмпіянату, чэк-ліст.

Нават калі вы ніколі не ўдзельнічалі ў такіх чэмпіянатах, але цікавіцеся птушкамі, абавязкова далучайцеся, — раіць дацэнт кафедры заалогіі БДУ, намеснік дэкана Біялагічнага факультэта БДУ Віталь Сахвон. – Гэта цудоўная магчымасць пабыць на прыродзе, паназіраць за птушкамі, адчуць дух спаборніцтваў, пазнаёміцца з аднадумцамі. Пасля чэмпіянату будзе пікнік, дзе можна будзе абмеркаваць свае вынікі, падзяліцца ўражаннямі ад чэмпіянату, — прыносьце з сабой тэрмасы з чаем і перакус.

Як запісацца на чэмпіянат?

Запоўніць анлайн-форму да 17.00 пятніцы 30 верасня.

Можна ўдзельнічаць індывідуальна або ў камандзе з двух чалавек.

Удзел у чэмпіянаце бясплатны. Чэмпіянат адкрыты і для іншаземцаў.

Па выніках будуць вызначаныя пераможцы і прызёры, таксама ўсенародна асобна будзе абраны найлепшы здымак.

Каб удзельнічаць у конкурсе на найлепшы здымак, дашліце асобнай папкай тры зробленыя падчас чэмпіянату фота, якія лічыце самымі ўдалымі.

Журы можа ўвесці дадатковыя намінацыі і адзначыць яшчэ некалькі цікавых фота або ўдзельнікаў.

Тэлефон для сувязі па арганізацыйных пытаннях +375(29)131-14-24 (А1).

Далучайся да прыгожага і цікавага занятку, знаёмся з птушкамі праз аб’ектыў фотаапарата. Удалых кадраў!


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: