Арктычная госця на Вілейскім вадасховішчы – чорная казарка!

ад 31 кастрычніка 2022 года

Птушку заўважыла сямейная пара птушкароў – Аляксандр Анкуда і Ганна Ільінкова.

Чорная казарка. Фота Аляксандра Анкуды

Чорная казарка. Фота Аляксандра Анкуды

Апошнім часам Вілейскае вадасховішча мы наведваем даволі часта: там можна назіраць калонію бакланаў, на дамбах заўсёды знойдзецца пара цікавых відаў, па беразе шмат кемпінгаў і пейзажных месцаў, — расказаў Аляксандр. — Дамба каля вёскі Рабунь для птушкароў – самае “ўраджайнае” месца на вадасховішчы, асабліва ў перыяд міграцыі. У той дзень мы выправіліся на Вілейскае ў спадзеве знайсці нырка-свірка (турпана) і нырка-сіньгу (першага ў выніку адшукалі). А вось чорную казарку ўбачыць мы ніяк не чакалі. Мы не арнітолагі, але адразу зразумелі, што гэта нейкі новы для нас від. На месцы Ганна выказала здагадку, што гэта нейкая казарка, а зазірнуўшы ў мабільны вызначальнік “Ptushki”, мы ўжо дакладна вызначылі, што гэта менавіта чорная казарка. Яна няспешна шчыпала траўку, прарослую на бетоннай дамбе: там было літакальна некалькі “астраўкоў” з нізкай зелянінай і мохам.

Черная казарка щиплет травку

Чорная казарка шчыпае траўку. Фота Аляксандра Анкуды

Чорная казарка – вельмі рэдкі залётны на міграцыі від для Беларусі. У 21 cтагоддзі было ўсяго некалькі назіранняў гэтага віду каля Магілёва, на Віцебшчыне і на Берасцейшчыне.

На зімоўку гэтыя птушкі звычайна ляцяць з Новай Зямлі і сібірскай тундры на берагі Заходняй Еўропы уздоўж марскога ўзбярэжжа. Праз кантынентальныя раёны пралятаюць адзінкі чорных казарак.

Чорная казарка — самая маленькая з казарак, памерам прыблізна са свойскую качку. Цікава, што гэтыя птушкі ладзяць “дзіцячыя садкі” для сваіх птушанят: пары, якія гнездаваліся побач, пры спрыяльных умовах размнажэння аб’ядноўваюць вывадкі і трымаюцца на ўзбярэжжы вялікімі групамі з дзясяткаў ці соцень птушак.

Чорныя казаркі асабліва любяць марскія водарасці. Узімку яны жывуць выключна ў прыліўных эстуарыях, дзе сілкаваліся марскім узморнікам (Zostera marina). З 1931 года ў ЗША і Ірландыі ўзморнік пачаў чамусьці знікаць і яго амаль не стала. Колькасць птушак моцна зменшылася, а птушкі, якія выжылі, перайшлі на марскі салат (Ulva). З тых часоў казаркі прытрымліваюцца гэтай дыеты як стратэгіі выжывання. У апошнія дзесяцігоддзі від пачаў выкарыстоўваць сельскагаспадарчыя землі на ўзбярэжжы, дзе сілкуюцца травой і азімымі. Магчыма, яны навучыліся такім паводзінам у іншых гусей.

Зараз від знаходзіцца ў бяспецы.

Дзякуючы назіранню Аляксандра і Ганны чорную казарку на Вілейскім вадасховішчы змаглі пабачыць і сфатаграфаваць і іншыя птушкары.

Чорная казарка. Фота Алёны Ціхановіч

Чорная казарка. Фота Алёны Ціхановіч

Аляксандр і Ганна захапіліся назіраннем за дзікай прыродай крыху больш за год таму. Звычайна ў выправы або на бёрдвочарскія чэмпіянаты яны выбіраюцца разам — гэткай камандай з двух чалавек, у якой ёсць і птушыная назва — “Несібірскія завірушкі”. Нядаўна яны стварылі тэматычны Instagram-канал — падпісвайся!


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: