Рэдкія віды Палесся атрымалі дадатковую абарону: 6500 гектар пад аховай

ад 11 лістапада 2022 года

У 2022 годзе ў Лельчыцкім і Столінскім раёнах перададзена пад ахову 142 месцы пражывання і ўзрастання 42 рэдкіх відаў сысуноў, птушак, рэптылій, насякомых, павукоў, раслін і грыбоў. Сярод іх – вялікі арлец і белая сініца, барсук і арэшнікавая соня, балотная чарапаха і вялікі сплаўны павук, расянка прамежкавая і грыфала кучаравая.

Барсук

Барсук. Фота Depositphotos

Як адбываецца перадача месцаў пад ахову?

Месцы, ад якіх залежаць рэдкія віды, выяўляюць падчас даследаванняў. Бывае, што знаходзяць іх і звычайныя грамадзяне. Але скласці пашпарт зможа толькі спецыяліст з адпаведнай кваліфікацыяй. У яго заносяцца звесткі пра выяўленае месца пражывання альбо ўзрастання рэдкага віду: фотаздымак, апісанне і каардынаты месца, колькасць асобін альбо раслін, стан папуляцыі, выдзяляецца ўчастак, на якім будзе абмежавана гаспадарчая дзейнасць.

Разам з пашпартам афармляюцца ахоўныя абавязацельствы. У іх пералічваюцца ахоўныя меры і вызначаецца адказны за іх выкананне – як правіла, землекарыстальнік.

Пашпарты і ахоўныя абавязацельствы накіроўваюцца ў раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а далей – у Нацыянальную акадэмію навук Беларусі і Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету для праверкі і ўзгаднення, пасля чаго мясцовыя органы ўлады (райвыканкам) выносяць рашэнне аб перадачы пад ахову месцаў пражывання альбо ўзрастання рэдкіх відаў. За выкананнем ахоўных мер павінна сачыць Мінпрыроды.

Якія ахоўныя меры існуюць для захавання рэдкіх відаў?

Плошча ахоўнага ўчастка і ахоўныя меры не аднолькавыя для розных відаў.

балотная чарапаха

Балотная чарапаха. Фота І. Бышнёва

Выжыванне балотнай чарапахі (Emys orbicularis) наўпрост залежыць ад захаванасці балот і рачных поймаў. Там, дзе яна пражывае, забаронена асушальная меліярацыя. Не дазваляюцца таксама працы, звязаныя з пашкоджаннем натуральнага глебавага покрыва і карыстаннем нетрамі – яны небяспечныя для кладак і чарапашанят. Асобныя меры прадугледжаны для водных аб’ектаў: іх нельга штучна заглыбляць і выпростваць, забаронена зліваць у іх сцёкавыя і дрэнажныя воды, здабываць ці знішчаць водныя расліны.

рагач

Жук-рагач. Фота П. Прохарчыка

Лічынкі жука-рагача (Lucanus cervus) развіваюцца некалькі гадоў. Увесь гэты час яны жывуць у мёртвых дрэвах і харчуюцца спарахнелай драўнінай. Адна з асноўных пагроз для рэдкага насякомага – вырубка старых шыракалісцевых лясоў, асабліва дуброў, выдаленне ссохлых і паваленых ветрам дрэў. Там, дзе выяўлена месца пражывання жука-рагача, нельга таксама прымяняць хімікаты, паліць сухую расліннасць і адходы лесанарыхтоўкі.

беласпінны дзяцел

Беласпінны дзяцел. Фота І. Бышнёва

“Чырванакніжны” беласпінны дзяцел (Dendrocopos leutocos) харчуецца галоўным чынам лічынкамі насякомых, якіх здабывае з-пад кары засохлых лісцевых дрэў. У мёртвых падгнілых дрэвах гэтыя птушкі будуюць сабе жытло. Таму на тэрыторыі, дзе яны гняздуюць, забаронена высякаць любыя дрэвы. Каб гэтыя рэдкія птушкі мелі спакой падчас гнездавання, з 1 сакавіка па 1 ліпеня на ахоўным участку забаронены паляванне і лесанарыхтоўка.

Фіялка тапяная

Фіялка тапяная. Фота Андрэя Абрамчука

Фіялка тапяная (Viola uliginosa) мае даволі вялікі арэал у Еўропе, але колькасць віду паўсюдна скарачаецца. Балоцістая мясцовасць і поймы рэк, для якіх характэрныя сезонныя затапленні, – аптымальнае асяроддзе для гэтай расліны. Таму не дзіўна, што гэты від распаўсюджаны на Палессі. На ахоўных участках з фіялкай тапяной  нельга асушаць тэрыторыю, выкарыстоўваць гусенічны транспарт і іншым чынам наносіць шкоду натуральнаму глебаваму покрыву. Весці высечку лесу можна абмежавана і толькі пры ўстойлівым снежным покрыве.

Ахоўныя пашпарты і абавязацельствы – адзін з самых важных і практычных спосабаў захаваць рэдкія віды, якія звычайна патрабуюць спецыфічных умоў для жыцця. Без такіх мер біяразнастайнасць прыродных тэрыторый рызыкуе моцна збядніцца: калі не будзе аховы, то месцы існавання рэдкіх відаў могуць быць лёгка знішчаны. Каб пазбегнуць гэтага, іх трэба рэгулярна выяўляць і перадаваць пад ахову.

У гэтым можаш дапамагчы і ты: калі знойдзеш у дзікай прыродзе жука-рагача, гняздо чорнага бусла, калонію шчурак-пчалаедак, нару барсука, венерын чаравічак, мядзведжую цыбулю ці іншыя рэдкія віды, сфатаграфуй і паведамі пра гэтыя месцы вучоным, звярнуўшыся ў НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах або ва ўніверсітэты, дзе ёсць факультэты біялогіі.

Паводле wildpolesia.org


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: