Аксамітны сезон у Міёрскім краі

ад 5 кастрычніка 2020 года

Восень – час, калі птушкі лятуць на поўдзень, а беларусам варта павандраваць на самую поўнач Беларусі, у Міёрскі (Мёрскі) раён. Там у гэты час для турыстаў сапраўдны аксамітны сезон!

Дзякуючы праекту “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”, які рэалізоўваўся Міёрскім райвыканкамам, АПБ і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза, гэтыя мясціны прыцягваюць усё больш увагі турыстаў.

Міёрскія журавіны. Фота Анатоля Додзя

Расказваем, чым гатовы здзівіць Міёрскі край і што трэба не прапусціць у восеньскай вандроўцы на поўнач краіны.

Жураўлі на полі пад Міёрамі. Фота Анатоля Додзя

У жніўні і верасні на мясцовыя балоты і палі злятаюцца тысячы шэрых жураўлёў, каб падсілкавацца  перад доўгай дарогай у вырай. Гэтыя “чырванакніжныя” птушкі звычайна трымаюцца падалей ад чалавека. Але ўвосень у наведнікаў Міёршчыны ёсць выдатная магчымасць паназіраць за імі, ды яшчэ ў такой колькасці! Відовішча ўражвае настолькі, што многія вяртаюцца сюды зноў і зноў, каб пабачыць вялізныя чароды грацыёзных птушак на палях і ў паветры, паслухаць іх цудоўныя сумныя крыкі. Экскурсіі на жураўлёў ладзяць заказнік “Ельня” (дырэктар Іван Барок) і гаспадар аграэкасядзібы “Жураўліная Ельня” Андрэй Літвінаў.

Назіранне за жураўлямі. Фота Анатоля Додзя

Прыроднае хараство гэтых мясцін таксама заварожвае.

Нашы балоты прыгожыя ў любую пару года, — кажа мясцовая захавальніца дзікай прыроды Кася Казачонак, якая таксама водзіць экскурсіі на балоты. – Восенню вельмі прыгожа цвіце верас, лес размалёўваецца яркімі фарбамі, балота шчодра частуе журавінамі, брусніцамі, грыбамі. Бабіным летам ідзеш раніцай па балоце, і ўсё пераліваецца: кругом карункі павуціння, і на ім кроплі вісяць. У гэты час вельмі многа птушак – пералётныя гусі і жураўлі збіраюцца ў чароды, гул стаіць – цікава паслухаць, як яны лятуць. Я лаўлю рыбу на донку і цэлую ноч магу сядзець на возеры, а на світанні люблю слухаць, як жураўлі прачынаюцца і пачынаюць зноў курлыкаць, гулёкаць, а пасля пералятаюць на поле і кормяцца.

Восень на Ельні. Фота Анатоля Додзя

Восень – сезон збору журавін. Міёрскі раён славіцца найбуйнейшымі ў Беларусі запасамі гэтых балотных ягад. Мясцовыя аграэкасядзібы прапаноўваюць не толькі пазнавальныя вандроўкі па балоце і назіранні за птушкамі, але і збор ягад.

 

Менавіта жураўлям і журавінам, якімі славіцца Міёршчына, прысвечанае мясцовае экалагічнае свята. Яно праводзіцца ў Міёрах кожны верасень з 2012 года. Свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” – квінтэсенцыя мясцовых восеньскіх скарбаў і цікавостак. На ім можна набыць не толькі свежых ягад толькі-толькі з балота, але і самых розных журавінавых прысмакаў: морс, журавінавы хлеб і слодычы. Экалагічныя гульні і майстар-класы для дзяцей і дарослых дораць цікавы досвед. Для ўдзельнікаў свята арнітолагі ладзяць бясплатнае назіранне за жураўлямі.

Маляваныя пернікі ад мясцовай майстрыцы Ксеніі Маскаленка. Фота Анатоля Додзя

Міёры вартыя таго, каб прабыць там не адзін дзень. Спыніцца можна ва ўтульных аграэкасядзібах, якіх у раёне ў апошні час з’яўляецца ўсё больш: ёсць попыт турыстаў, якія адкрываюць для сябе нязведаны паўночны куток Беларусі. Багата і іншых варыянтаў, дзе адпачыць: гатэлі, санаторый “Расінка”, база адпачынку “Актам”, дамы паляўнічых і рыбаловаў і кемпінг “Мярэя”.

Любіш чэленджы? Тады выпраўляйся на вуліцу Дзяржынскага ў Міёрах і адшукай дом № 18 з муралам у выглядзе дывана-маляванкі. Знайдзі на ім 10 славутасцяў раёна і наведайце іх усе! У якасці падказкі – іх спіс:

  1. Касцёл Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Міёрах;
  2. Касцёл Маці Божай Шкаплернай у вёсцы Мілашова;
  3. вадаспад на рацэ Вята;
  4. каменны крыж у вёсцы Авечкі;
  5. калона ў гонар Канстытуцыі 3 траўня 1791 года ў вёсцы Лявонпаль;
  6. Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Дзісне;
  7. Храм Уваскрасення Хрыстова ў Дзісне;
  8. званіца Троіцкай царквы ў вёсцы Лявонпаль;
  9. ферма па гадоўлі высакароднага аленя ў вёсцы Ніўнікі;
  10. руіны каменнай званіцы ў вёсцы Навалока.

Мурал-маляванка ў Міёрах. Фота Анатоля Додзя

А якая вандроўка без сувеніраў на памяць? Майстры Міёршчыны робяць іх сваімі рукамі з экалагічных матэрыялаў: воўны, раслін, гліны. Брошкі, магніты, бірулькі, кашалькі, фірмовыя міёрскія пернікі – усё гэта непаўторныя маленькія скарбы, якія будуць нагадваць пра вандроўку. А некаторыя майстры і гаспадары аграэкасядзіб нават праводзяць майстар-класы для тых, хто хоча самастойна зрабіць свой уласны сувенір.

Некалькі карысных спасылак, каб было прасцей запланаваць вандроўку ў Міёрскі раён:

Тэкст: Алеся Башарымава

Фота: Анатоль ДодзьАПБ в Одноклассниках


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: