7 дзікіх фактаў пра Беларусь у Сусветны дзень дзікай прыроды!

ад 3 сакавіка 2023 года

Беларуская прырода адметная. Яе захаванне важнае не толькі ў маштабах краіны, але і ўсёй Еўропы, і нават цэлага свету.

Дзікі факт № 1

Палессе – самы вялікі рэгіён Еўропы з амаль некранутымі водна-балотнымі ўгоддзямі. Яго называюць еўрапейскай Амазоніяй. Беларускае Палессе займае амаль траціну плошчы краіны.

Ольманы. Фото Ивана Муравьева

Альманскія балоты. Фота І. Мураўёва

Дзікі факт № 2

У Беларусі былі адкрыты новыя для навукі расліны: казлабарод беларускі і шальнік ранні. Яны сфарміраваліся ва ўнікальных прыродных умовах Палесся, якія мала змяніліся за апошнія тысячагоддзі.

Частуха ранняя

Шальнік ранні (Частуха ранняя). Фота Інстытута эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча НАН Беларусі

Даведацца больш пра гэтыя і многія іншыя цікавыя расліны ты можаш на экспазіцыі Інстытута эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча, прысвечанай 100-годдзю беларускага гербарыю*.

Дзікі факт № 3

Прыпяцкія дубровы – найбольш захаваныя ў натуральным стане поймавыя лясы ва ўсёй Еўропе. Вясной, калі іх залівае паводка, можна літаральна плаваць на лодцы паміж дрэвамі!

Хвоенская дубрава. Фото Сергея Зуёнка

Хвоенская дуброва. Фота Сяргея Зуёнка

Дзякуючы прасторы поймавыя дубы шырокія і разгалістыя, некаторыя маюць больш за метр у дыяметры ствала. На гэтых дубах шмат ран і дуплаў, у якіх любяць сяліцца многія жывёлы, у тым ліку рэдкія пугач, сіваграк, белая сініца, соня-палчок і розныя віды кажаноў.

Дзікі факт № 4

Пад Нясвіжам знаходзіцца самая вялікая калонія рабых суслікаў у Еўропе – і адна з апошніх у нашай краіне. Яна ахоўваецца дзяржавай. Яе плошча складае больш за 90 га, тут пражывае больш за 5000 суслікаў!

Сусляняты. Фота ТАА «Дзікая прырода»

Дзікі факт № 5

У Беларусі гняздуецца другая ў свеце па памерах папуляцыя вялікіх арляцоў (больших подорликов), якім пагражае глабальнае знікненне. Большасць іх родам з Палесся.

Вялікі арлец. Фота: Thomas Krumenacker.

Зараз пачынаецца іх міграцыя з месцаў зімоўкі. Сачыць за іх вяртаннем можна тут.

Дзікі факт № 6

У нашай краіне гняздуецца самая вялікая ў свеце папуляцыя вяртлявай чаротаўкі (вертлявой камышовки). Гэта самая рэдкая пеўчая птушка кантынентальнай Еўропы.

Вяртлявая чаротаўка. Фота С. Зуёнка

Частку птушак перасялілі з рэспубліканскага заказніка “Званец” у літоўскі рэзерват “Жувінтас”, дзе яны амаль зніклі. Гэта быў першы ў свеце паспяховы эксперымент з транслакацыяй вераб’іных птушак – дальніх мігрантаў.

Палескі заказнік “Званец” — гэта найвялікшае ў Еўропе асаковае балота і найбуйнейшае ў свеце месца гнездаванне вяртлявай чаротаўкі: тут гняздуе 27% глабальнай колькасці віду.

Дзікі факт № 7

На палескіх балотах жыве самы рэдкі і самы вялікі кажан Еўропы – гіганцкая вячэрніца. Яна важыць 80 грамаў і можа паляваць нават на дробных птушак!

Окольцованная гигантская вечерница

Навуковец трымае акальцаваную гіганцкую вячэрніцу

Гэты від пераадкрыў для Беларусі ў 2015 годзе заолаг Валер Дамброўскі ў палескім заказніку “Стары Жадзен”, які разам з заказнікам “Альманскія балоты” ўтварае адзін з найвялікшых у Еўропе леса-балотных комплексаў.

Дагэтуль у краіне гэты від назіралі толькі аднойчы ў 1930 годзе. Найбліжэйшыя месцы, дзе размнажаюцца гэтыя кажаны, — Венгрыя на захадзе і Уральскія горы на ўсходзе.

Навукоўцы гатовыя правесці па экскурсію па экспазіцыі, прысвечанай 100-годдзю беларускага гербарыю. Запісвайся ў сакавіку, пакуль у іх не пачаўся палявы сезон: +375296164347.  Адрас: Мінск, вул. Акадэмічная, 27. Час працы 9.00-17.00.

 


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: