Навошта нам патрэбныя птушкі (нашмат болей, чым мы ім)

ад 5 чэрвеня 2019 года

Ці можаш ты ўявіць нашу планету без птушак? У Сусветны дзень навакольнага асяроддзя расказваем пра карысць, якую яны прыносяць, — а яна не абмяжоўваецца эстэтычнай каштоўнасцю. 

Птушкі граюць важную ролю ў функцыянаванні экасістэм планеты, наўпрост уплываючы на здароўе чалавека, эканоміку і вытворчасць прадуктаў харчавання, а яшчэ – на мільёны відаў іншых жывых істотаў на планеце.

Белагорлая нектарніца-павукалоўка © noicherrybeans / Shutterstock

Белагорлая нектарніца-павукалоўка © noicherrybeans / Shutterstock

 

  1. Птушкі кантралююць колькасць шкоднікаў чалавечай гаспадаркі
Вялікая сініца © Bildagentur Zoonar GmbH / Shutterstock

Вялікая сініца © Bildagentur Zoonar GmbH / Shutterstock

Не будзе перабольшваннем сказаць, што без птушак мы былі б вымушаны прадзірацца праз суцэльны пласт бесхрыбтовых. Нядаўняе даследаванне сведчыць, што птушкі могуць з’ядаць іх да 400-500 млн тон за год. У Кітаі харчаванне малога свіргуля Apus nipalensis на 2/3 складаецца са шкоднікаў сельскай гаспадаркі, а ў лясах абодвух амерыканскіх кантынентаў вечаровы амерыканскі дубанос Hesperiphona vespertina гераічна змагаецца з імклівым ростам колькасці ліставёрткі, што можна ацаніць у 1820 долараў/км2. Карысць ад птушак настолькі значная, што дамкі для птушак ужо зрабіліся неабходным атрыбутам барацьбы са шкоднікамі па ўсёй Еўропе.

 

  1. Птушкі апыляюць расліны
Нябесны сільф © Ondrej Prosicky / Shutterstock

Нябесны сільф © Ondrej Prosicky / Shutterstock

Калі мы думаем пра апыленне раслін, адразу ўзгадваюцца пчолы і матылькі, але птушкі, напрыклад, касачовыя і медасосавыя, таксама робяць вялікі ўнёсак у апыленне раслін, асабліва высока ў гарах ці ў месцах з гарачым кліматам. Да прыкладу, у Паўднёвай Афрыцы амаль чвэрць відаў шалфеяў апыляецца птушкамі. Такія кветкі слаба пахнуць, а птушкі знаходзяць кветкі, больш арыентуючыся на вонкавы выгляд, чым на пах. Тое, што птушкі апыляюць расліны, наўпрост закранае і нас: амаль 5 % раслін, якія людзі ўжываюць у ежу ці для вырабу лекаў, апыляецца птушкамі. І калі птушкі знікнуць, гэта можа прывесці да катастрафічных вынікаў: Трыццаць адзін від гавайскіх званочкаў знік пасля знікнення птушак, якія іх апылялі.

 

  1. Птушкі – прыродныя санітары
Афрыканскі сіп © Ian Dyball / Shutterstock

Афрыканскі сіп © Ian Dyball / Shutterstock

Грыфы, якія лунаюць у небе, — могуць выклікаць прадчуванні. Але іх стараннасць і хуткасць, з якой яны прылятаюць (звычайна на працягу гадзіны з моманту смерці), — вельмі каштоўныя рысы. Можа прайсці некалькі дзён, пакуль рэшткі знойдуць іншыя жывёлы, напрыклад, здзічэлыя сабакі ці пацукі, якія, аднак, спрыяюць распаўсюджванню такіх смяротных захворванняў, як шаленства і сухоты. Карысць, якую прыносіць адзін грыф за сваё жыццё, можна ацаніць у 11600 долараў. У выніку рэзкага памяншэння колькасці грыфаў і сіпаў у Азіі, колькасць здзічэлых сабак у Індыі за апошнія 20 гадоў дасягнула 5.5 млн, што выклікала выбух заражэння шаленствам, ад якога памерлі 47300 чалавек. 

 

  1. Птушкі разносяць насенне
Туі © Chris Moody / Shutterstock

Туі © Chris Moody / Shutterstock

З дапамогай памёту птушкі разносяць насенне. Яны вяртаюць расліны ў разбураныя экасістэмы і нават заносяць насенне праз мора на новыя тэрыторыі. Менавіта птушкі дапамаглі стварыць той свет раслін, у якім мы жывем. Такія птушкі як туі Prosthemadera novaeseelandiae пасеялі 70 % раслін у лясах Новай Зеландыі. Яшчэ больш важную місію выконвае мікранезійскі імператарскі голуб Ducula oceanica, найбуйнейшая птушка на архіпелаге Палау. Гэта асноўны распаўсюднік насення на ўсёй тэрыторыі архіпелагу.

 

  1. Птушкі змяняюць цэлыя ландшафты
Амерыканскі крывок © gagat55 / Shutterstock

Амерыканскі крывок © gagat55 / Shutterstock

Лясы, лугі і балоты ўплываюць на жыццё людзей, якія жывуць нават за сотні кіламетраў: яны паглынаюць вуглярод, спрыяюць устойлівасці клімату, насычаюць паветра кіслародам і пераўтвараюць забруджвальныя рэчывы ў пажыўныя. Але без птушак многія эксістэмы проста не маглі б існаваць. Птушкі падтрымліваюць крохкую раўнавагу паміж раслінамі і траваеднымі, паміж драпежнікамі і здабычай. Яскравы прыклад – саланчаковыя балоты на паўднёвым усходзе ЗША, якія зараслі спарцінай далікатнай, што фільтруе ваду і захоўвае ўзбярэжжа ад марской эрозіі. Балотныя слімакі Littoraria irrorata з задавальненнем харчуюцца спарцінай, і калі б не было крыўкоў, вялікіх кулёнаў і зуйкоў, гэтыя малюсенькія слімакі, з’еўшы ўсю расліннасць, пераўтварылі б балоты ў гразевыя пляжы.

 

  1. Птушкі дапамагаюць захоўваць каралавыя рыфы
Чырвананогая алуша © Robert Koss / Shutterstock

Чырвананогая алуша © Robert Koss / Shutterstock

Птушкі, асабліва марскія, граюць вызначальную ролю ў кругазвароце пажыўных рэчываў і дапамагаюць угнойваць марскія экасістэмы, напрыклад, каралавыя рыфы. Марскія птушкі пралятаюць сотні кіламетраў, каб знайсці ежу ў акіяне, і, вяртаючыся, пакідаюць пласты гуана (памёту) у месцах гнездавання. Гуана трапляе ў акіян і ўгнойвае навакольныя мясціны, у тым ліку каралавыя рыфы. Даследаванне выспаў Чагас паказала, што здараецца ў выпадку парушэння гэтага працэсу. На выспах, дзе няма інвазійных відаў драпежнікаў, якія палююць на марскіх птушак, каралавыя рыфы разрастаюцца хутчэй, а рыба вырастае большых памераў, чым на выспах, населеных пацукамі.

 

  1. Птушкі натхняюць навукоўцаў
Вялікі дрэвавы ўюрок © Jody O'Connor

Вялікі дрэвавы ўюрок © Jody O’Connor

Адкрыцці, пачынаючы з тых, што звязаныя з тэхналогіяй палёту, і заканчваючы маланкай, якая паўтарае бародкі пер’я, сведчаць аб тым, што птушкі натхнялі людзей на працягу стагоддзяў. Некаторыя з гэтых адкрыццяў мелі вялізнае значэнне: даследаванне ўюркоў, якое праводзіў Ч. Дарвін на Галапагоскіх выспах, падцвердзілі ягоныя здагадкі пра эвалюцыю шляхам натуральнага адбору. Але птушкі не проста падказваюць ідэі, яны граюць больш значную ролю: птушкі — гэта індыкатары стану здароўя планеты. Жывучы паўсюль і хутка рэагуючы на змены ў навакольным асяроддзі, яны папярэджваюць нас аб сур’ёзных праблемах, напрыклад, аб змяненні клімату. 

Jessica Law, birdlife.org

Пераклад з ангельскай мовы Алены Раманоўскай

ВКонтакте


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: