У самай старой дзікай птушкі зноў вылупілася птушаня

ад 9 сакавіка 2021 года

Хаця дакладны ўзрост гэтай самкі лайсанскага альбатроса (Phoebastria immutabilis) невядомы, ёй не менш 70 гадоў, і чарговы год запар яна прылятае размнажацца на амерыканскі атол Мідуэй. Амаль штогод адсюль распаўсюджваюцца радасныя навіны пра тое, што ў яе паспяхова вылупілася чарговае птушаня. Не выключэнне і гэты год: 1 лютага з’явіўся на свет маленькі альбатросік.

Гэтага лайсанскага альбатроса дарослай самкай акальцаваў амерыканскі біёлаг Chandler Robbins у 1956 годзе на тым самым атоле, дзе і цяпер гняздуе каля мільёна лайсанскіх альбатросаў і іншых марскіх птушак. А гэта значыць, што ўжо тады ёй было не менш 5 гадоў, бо самкі гэтага віда не размнажаюцца ў больш маладым узросце.

Самка атрымала мянушку Wisdom (Мудрасць) і апошнія 11 гадоў вяртаецца на атол з тым самым самцом Akeakamai, паведамляе Амерыканская служба рыбалоўства і прыроды (US Fish & Wildlife Service (USFWS)).

“Хутчэй за ўсё, у Wisdom былі і іншыя партнёры, — сказаў Dr Beth Flint, біёлаг з USFWS. — Хаця звычайна альбатросы стараюцца знайсці партнёра на ўсё жыццё, аднак могуць і змяніць яго, калі ўзнікае неабходнасць – напрыклад, калі папярэдні партнёр памірае”.

Sean Dooley, прадстаўнік арганізацыі BirdLife Australia,кажа:

“Звычайна самкі альбатросаў гняздуюць праз год, таму яе вяртанне ў такім узросце штораз выклікае радаснае здзіўленне ва ўсіх аматараў птушак. Пераадолець насуперак усяму столькі цяжкасцяў і зноў размнажацца — гэта, вядома, важкая нагода для святкавання”.

Акрамя таго, што альбатросы вельмі павольна размнажаюцца, іх чакаюць шматлікія небяспекі ў акіяне, звязаныя з дзейнасцю чалавека: тралавае доўгаліневае рыбалоўства і іншае здабыццё т. зв. морапрадуктаў у прамысловых маштабах. Акрамя гэтага, глабальнае пацяпленне змяняе тэмпературу вады ў акіянах і такім чынам уздзейнічае на цячэнні і распаўсюджанне марскіх арганізмаў і іх даступнасць, і не толькі для альбатросаў.

Цікава, што, паводле спецыялістаў, альбатросы, як і іншыя птушкі, могуць размнажацца нават да самай смерці ў паважным узросце. Толькі сланы і прыматы вядомыя тым, што жывуць яшчэ параўнальна доўгі час пасля страты фертыльнасці. Так што вельмі магчыма, што Wisdom яшчэ не раз вернецца для гнездавання на атол Мідуэй.

Паводле www.theguardian.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для сайта «Птушкі штодня«

Здымак з www.npr.org

Телеграм


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: