Рэдкі госць: белагаловы сіп завітаў у Лёзненскі раён

ад 12 чэрвеня 2023 года

7 чэрвеня Юлія Прудоўская сфатаграфавала незвычайную для нашых мясцін птушку на даху сядзібы ў вёсцы Выхадцы Лёзненскага раёна.

Белагаловы сіп. Фота Юліі Прудоўскай

Белагаловы сіп. Фота Юліі Прудоўскай

У Беларусі белагаловы сіп адзначаўся ўсяго некалькі разоў, упершыню – стагоддзе таму, у 1924 годзе ў Віцебскім раёне. Адна з апошніх рэгістрацый адбылася таксама на Віцебшчыне, у жніўні 2016 года.

Гэтым разам дзякуючы паведамленню ў Клуб200 сіпа змаглі пабачыць многія птушкары. І нават стаць сведкамі мясцовай “драмы”: галодны драпежнік цягам некалькіх дзён паеў буслянят у некалькіх гнёздах у навакольных вёсках. Дарослыя белыя буслы не змаглі абараніць сваіх птушанятаў.

Белагаловы сіп у буслянцы. Фота Таццяны Алешка

Белагаловы сіп у буслянцы. Фота Таццяны Алешка

Белагаловы сіп – вельмі моцная птушка, размах крылаў – амаль тры метры. Звычайна ён харчуецца падлінай і не прыстасаваны паляваць на жывую здабычу, але можа забіваць аслабленых жывёл.

Юлія Прудоўская, якая прыехала ў вёску да бацькоў, расказала: “Для нас гэта было вялікім шокам. Хутчэй за ўсё, птушка ў нас з’явілася яшчэ 6-га чэрвеня, проста мы не прыдалі значэння. А ў сераду вечарам адна жанчына ішла міма і ўбачыла, як яна сядзіць на гняздзе бусла і раздзірае буслянят. Вядома, мы запанікавалі, бо буслы для нас — гэта ўсё. Спачатку мы думалі, што гэта арол. На наступны дзень, калі ўбачылі, што ён паляцеў на апошнюю буслянку, мы пачалі біць камянямі па вежы, каб яго адпудзіць, але яму было ўсё роўна. Мы вырашылі апублікаваць гэтую гісторыю, каб, магчыма, знайсці дапамогу. Так мы даведаліся, што гэта надзвычай рэдкая птушка, якая ў нашых краях увогуле не гняздуе. Цяпер нам яе таксама шкада: хутка наступяць халады, цалкам магчыма, што птушка можа загінуць…”

Белагаловы сіп. Фота Таццяны Алешка

Белагаловы сіп. Фота Таццяны Алешка

Вядома, для вяскоўцаў сітуацыя з буслянятамі выглядае трагічна, але для дзікай прыроды нічога трагічнага няма: папуляцыі белых буслоў, якая ў нас расце, сіп не пагражае. У Беларусі на іх палюе практычна адзін толькі арлан-белахвост, але ён не залятае ў вёскі. Цяперашнім засушлівым летам і самі буслы рэгулююць памер вывадку: так, за дзень да прылёту сіпа адна пара скінула з гнязда аднаго з траіх птушанят, бо корму на ўсіх не хапае.

Расказваюць, што жыхары спрабавалі адпудзіць драпежніка стрэламі з драбавіка. Пра тое, што забіваць сіпа нельга, ім ужо расказалі. Усе дзённыя драпежныя птушкі ў Беларусі знаходзяцца пад аховай закона, і грашовае пакаранне за забойства сіпа вельмі істотнае.

Белагаловы сіп у палёце. Фота Таццяны Алешка

Белагаловы сіп у палёце. Фота Таццяны Алешка

Найбліжэйшы гнездавы арэал белагаловага сіпа – Балканы і Крым. Як птушка апынулася ў Беларусі? Гэты від для палёту выкарыстоўвае тэрмікі — цёплае паветра, разам з якім сіп падымаецца ўверх. А потым дзясяткі кіламетраў можа лунаць у любым кірунку да наступнага тэрміка. Дзякуючы добраму надвор’ю, птушка, лунаючы, праляцела незаўважанай паўднёвую і цэнтральную Беларусь, чаму спрыяла добрае надвор’е.

Відавочна, згаладнеўшы пасля доўгага пералёту, сіп і апусціўся ў адной з вёсак Віцебшчыны. Птушкары прыязджаюць да сіпа амаль штодня. Невядома, калі адбудзецца наступны візіт.


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: