Птушка года 2022   right_line


Птушкай 2022 года выбрана патрыётка Палесся, паляшучка — белая сініца (рус. – белая лазоревка) – невялікая прыгожая пеўчая птушка, якая жыве ў нас толькі на Палессі. Яна змяніла леляка – птушку 2021 года.

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Што ж гэта за птушка? 10  фактаў пра яе.

  1. Белая сініца мае яшчэ адну назву – князёк, сапраўдны князёк сярод сініц! Гэта адзін з сямі відаў сініцавых у Беларусі.
  2. Від уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі яшчэ з першага выдання. Колькасць у Беларусі апошні раз ацэньвалася ў 2015 годзе ўсяго ў 500-800 пар.
  3. Птушка меншая за вераб’ёў: вага да 16 г, размах крылаў да 21 см. У кладцы да 11 яек. Два тыдні птушкі іх наседжваюць і столькі ж выкормліваюць птушанят.
  4. Гняздуе ў Беларусі і Украіне толькі ў Палессі і нават узімку не пакідае яго. Птушкі канцэнтруюцца вакол Прыпяці і на яе прытоках. Тут белая сініца ўтварае ізаляваную папуляцыю. Асноўны ж арэал расцягнуўся паласой ад Масквы да Японскага мора.
  5. Для гнездавання птушцы патрэбны дубровы, чорнаалешнікі і старыя вербалозы, якія ўвесну заліваюцца вадой падчас паводкі. Таму менавіта вакол Прыпяці птушкі і жывуць і нідзе болей на захад, поўнач ці поўдзень.
  6. Пры ўтварэнні пары самец робіць адмысловы рытуал – корміць самачку.
  7. У красавіку, калі ў белай сініцы пачынаецца гнездавы сезон, яе лёгка заўважыць: самец вельмі актыўна спявае на сваім участку. А вось падчас выкормлівання птушанят белыя сініцы паводзяцца як партызаны — хаваюцца.
  8. Гняздо робіць, як і іншыя сініцавыя, у дупле, вядомыя выпадкі гнездавання ў шчылінах дамоў. Не цураецца людзей і часта селіцца ў населеных пунктах. З задавальненнем займае сінічнікі – штучныя дуплянкі. Гнёзды часта робіць нізка, часам усяго на паўметра ад зямлі!
  9. Узімку яе можна пабачыць у густых зарасніках трыснягу па поймах рэк. Яна расшчапляе моцнай дзюбай цвёрдыя сцёблы трыснягу і парасонавых раслін, адшукваючы схаваных там лічынак казурак. Узімку можа есці і насенне.
  10. Белая сініца — адзін з самых папулярных відаў беларускіх птушак за мяжой, шмат турыстаў прыязджае да нас на Палессе, каб пабачыць менавіта яе.

Відэа Дзмітрыя Якубовіча

Нацыянальная кампанія “Птушка года” праводзіцца з 2000 года, каб прыцягнуць увагу людзей да дзікіх птушак Беларусі іх праблемаў і неабходнасці захавання тых месцаў, дзе яны жывуць.

Павел Пінчук, арнітолаг нацыянальнага парку “Прыпяцкі”:

Асноўныя пагрозы для белай сініцы – меліярацыя пойм палескіх рэк і забалочаных лясоў, веснавыя палы ў поймах. Яшчэ адна з пагроз – недахоп месцаў гнездавання праз вырубку старых дрэў, акрамя таго, шмат птушанят гіне ў гнёздах, якія недастаткова абаронены ад драпежнікаў (у першую чаргу ў вёсках – ад катоў). Выраб адмысловых сінічнікаў мог бы дапамагчы ў павелічэнні папуляцыі птушкі 2022 года. Акрамя таго, біялогія гэтага скрытнага віду кепска даследавана ў Беларусі, як і ва ўсім арэале. Кальцаванне дапаможа атрымаць больш інфармацыі пра перамяшчэнні белых сініц.

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Цягам года арнітолагі будуць адлоўліваць і пазначаць белых сініц каляровымі кольцамі. Паназіраць за працэсам кальцавання можна будзе ў Тураве на першай у Беларусі станцыі кальцавання. Глядзі ўважліва на ногі сустрэтых князькоў – ці няма там кольца? — і фатаграфуй іх!

Каб удакладніць трэнды беларускай папуляцыі князькоў, у Палессі плануецца правесці адмысловыя ўлікі ў месцах іх гнездавання і закласці маршруты для будучага маніторынгу. Магчыма, атрымаецца даць новую ацэнку колькасці віду ў краіне.

Узімку ў межах кампаніі з дапамогай леснікоў і школьнікаў плануецца зрабіць і развесіць сотні дамкоў для белай сініцы на Палессі. Ляток у такіх дамках павінен быць 28 мм – далучайся! Вясной спецыялісты і аматары-птушкары правераць, хто пасяліўся ў гэтых сінічніках.

Ты таксама можаш зрабіць сінічнік для князька ці для іншых відаў сініц.

Як зрабіць сінічнік

Табе спатрэбіцца:

дошка таўшчынёй 2 см, шырынёй 14 см і даўжынёй 127 см;

шрубы па дрэве 4,0*50 – 16 штук;

шрубакрут;

фрэза або пёравы свердзел дыямэтрам 28 мм, каб выразаць ляток;

антысептык (неабавязкова).

Распілуй дошку на часткі паводле схемы. Ні ў якім разе не габлюй унутраныя сценкі і падлогу сінічніка: яны павінны быць шурпатымі, каб птушаняты маглі выбрацца на волю.

Злучы часткі шрубамі так, як паказана на малюнку.

Пакрый гатовы сінічнік антысептычнай вадкасцю.

Павесь сінічнік на дрэве (для князька – у пойме палескай ракі, для іншых відаў – у двары або парку), прыматаўшы дротам на вышыні 1,5-2,5 метры так, каб дамок быў крыху нахілены ўперад, ад ствала. Так птушанятам будзе лягчэй выбрацца адтуль. Вешай сінічнік не з паўднёвага боку, каб птушаняты не загінулі ад перагрэву. Развеску дамкоў трэба рабіцьяк мага раней, да 15 красавіка.

 

Цісні на кнопку, каб падпісацца!

 

Акцыі кампаніі “Птушка года”. Увага настаўнікам і бацькам!

Бацькі, настаўнікі – далучайце дзетак! Стварайце разам з імі ў сваё задавальненне, публікуйце вынікі сваёй працы ў сацсетках, пашырайце веды пра птушку года і дапамагайце дзікай прыродзе!

Творчая акцыя «Князёк — гаспадар Палесся»

Зрабі малюнак з птушкай года або яе скульптуру з традыцыйных або любых падручных матэрыялаў у вобразе князя сініц (прынца ці караля), гаспадара Палесся. Выкладзі фота свайго твору ў сацсеткі з хэштэгам #птушкагода2022.

Акцыя здароўя «Князёк 2022″

Упрыгож маску, якая дапамагае прафілактыцы распаўсюджвання COVID-19, выявай птушкі 2022 года. Зрабіць гэта можна любым даступным спосабам: малюнак адмысловымі фарбамі, вышыўка і да т. п. Выкладзі сваё фота ў масцы свайго твору ў сацсеткі з хэштэгам #птушкагода2022.

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Акцыя для настаўнікаў: сцэнар для пазакласных заняткаў у сярэдніх школах пра белую сініцу.

У акцыі дзве опцыі сцэнароў:

— заняткі для пачатковых класаў;

— заняткі для сярэдніх i старэйшых класаў.

Сцэнар павінен змяшчаць інфарматыўную і прыродаахоўную частку аб птушцы года. Пры магчымасці, найлепшы сцэнар будзе выкарыстаны як дапаможнік для сярэдніх школ г. Мінска для правядзення пазакласных заняткаў у верасні-кастрычніку 2022 года.

Сцэнары дасылайце на электронны адрас ptushkahoda@wildlifebelarus.org не пазней за 31 траўня 2022 года з паметкай «Сцэнар». У лісце абавязкова пазначыць, на якую ўзроставую катэгорыю разлічаныя заняткі (пачатковая школа або старэйшыя класы). Найлепшыя сцэнары будуць распаўсюджаныя па школах.

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Даведка: У мінулыя гады сімваламі Беларусі былі: белы бусел, белая пліска, авяльга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны свіргуль, удод, звычайная зязюля, вушатая сава, жаўрук-смяцюх, шчыгел, вялікі арлец, глушэц. 2021 год праходзіў пад крыламі леляка.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: