На змену глушцу ляціць ляляк! Сустракай птушку 2021 года.
Звычайны ляляк (рус. Козодой обыкновенный) – адзіны прадстаўнік атраду лялякападобных у Беларусі. А ўсяго ў свеце — каля 120 відаў з гэтага атраду. Руская назва, як і ў многіх іншых еўрапейскі мовах, — калька з лаціны. Яно паказвае на сувязь гэтага віду з пашамі і свойскай жывёлай, вакол якой птушкі лавілі насякомых.
Сямён Левы, арнітолаг:
Пакуль леляку не пагражае знікненне, але ў нас ёсць толькі ацэнка колькасці ў Беларусі 1997 года: 35 000 — 50 000 пар на гнездаванні. Нярэдкія выпадкі гібелі ад аўтамабіляў, бо лелякі чамусьці любяць адпачываць на лясных дарогах. Гэтай праблемай мы хацелі б заняцца ў наступным годзе ў першую чаргу. Акрамя таго, як і ўсе птушкі, якія гняздуюцца на зямлі, лелякі пакутуюць ад знішчэння гнёздаў наземнымі драпежнікамі.
Ляляк памерам з голуба, з даўжэйшымі крыламі і хвастом. Даўжыня цела да 29 см, размах крылаў да 64 см. Вага не перавышае 100 г.
Убачыць леляка ў дзікай прыродзе — вялікая ўдача, і не толькі таму, што ён актыўны толькі ў прыцемках і ноччу. Гэтая птушка — майстар маскіроўкі, яго апярэнне практычна зліваецца з колерам лясной падсцілкі ці кары дрэва. Прыжмурыўшы свае вялікія вочы, птушка становіцца днём незаўважнай як для чалавека, так і для птушак-драпежнікаў. Кароткія пальцы не прыстасаваныя для абхоплівання галін, і ляляк, напэўна, адзіны від у нас, які сядае ўздоўж галіны!
Ляляк мае ўнікальную дзюбу. Закрытай яна выглядае вельмі маленькаю. Але варта птушцы адкрыць яе, як мы ўбачым незвычайна шырокі рот. Разам з раснічастым пер’ем па краях дзюбы, гэта не толькі выдатнае прыстасаванне для лоўлі на ляту жукоў і начных матылькоў, але сродак запалохвання ворагаў.
Ляляк не турбуе сябе будаўніцтвам гнязда. Кладку з двух яек самка робіць адразу на лясной падсцілцы, часцей за ўсё ў сасновым лесе. Пра прысутнасць леляка можна даведацца па яго працяглай манатоннай трэлі, якая нагадвае тарахценне матацыкла.
На зімоўку ў верасні нашыя лелякі адлятаюць у Паўднёвую Афрыку, а вяртаюцца толькі ў канцы красавіка.
СПАМПАВАЦЬ 10 ФАКТАЎ ПРА ЛЕЛЯКА
Цісні на кнопку, каб падпісацца!
Нацыянальная кампанія “Птушка года” праводзіцца з 2000 года, каб прыцягнуць увагу людзей да дзікіх птушак Беларусі іх праблемаў і неабходнасці захавання тых месцаў, дзе яны жывуць. Увесь год будуць праходзіць мерапрыемствы, прысвечаныя леляку, да якіх змогуць далучыцца дарослыя і дзеці.
У мінулыя гады сімваламі Беларусі былі: белы бусел, белая пліска, авяльга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны свіргуль, удод, звычайная зязюля, вушатая сава, жаўрук-смяцюх, шчыгел, вялікі арлец, глушэц.
Тэкст: Алеся Башарымава
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: