Птушкі і вада: паілкі і купальні   right_line


Дамавы верабей п'е ваду. Фота Мікалая Вараб'я
Зяблик

Берасцянка купаецца. Фота Мікалая Вараб’я

Шмат хто дбае пра кармушкі для птушак, аднак мала хто ўзгадвае, наколькі важны для птушак сталы доступ да чыстай вады.

Пітная вада

Як і мы, птушкі карыстаюцца вадою як пітвом і для купання. Асабліва важна мець доступ да вады ўзімку, калі прыродныя крыніцы пад ільдом, ці ўлетку – у гарачае, сухое надвор’е, калі знайсці гэтыя крыніцы можа быць даволі складана.

У птушак няма потавых залоз, а таму яны патрабуюць менш вады, чым сысуны (млекакормячыя). Ваду яны страчваюць праз дыханне і з памётам. Каб пакрыць дзённую страту вады, малым птушкам звычайна трэба піць не менш за два разы на дзень.

Дамавы верабей п'е ваду. Фота Мікалая Вараб'я

Дамавы верабей п’е ваду. Фота Мікалая Вараб’я

 

Птушкі атрымліваюць патрэбную вадкасць з пажывай і пітвом. Большасць насякамаедных птушак атрымлівае большую частку вады з пажывай. Насенняедныя птушкі патрабуюць больш вады (прычынай таго – іх сухая дыета).

Дробныя птушкі знаходзяць ваду на неглыбокіх месцах ручаёў і сажалак каля берагоў. Таксама яны не грэбуюць і кроплямі, што збіраюцца на лістах раслін, асабліва калі гэтыя птушкі жывуць на лясістай мясцовасці. Тыя птушкі, якія большасць часу праводзяць у паветры і кормяцца ў палёце (як ластаўкі і свіргулі), здольныя спікіраваць і набраць поўную дзюбу вады ў палёце. Відовішча ўражвае!

Гарадская ластаўка п'е ў палёце

Гарадская ластаўка п’е ў палёце. Фота Мікалая Вараб’я

Большасць птушак для таго, каб напіцца, павінны акунаць дзюбу ў ваду і закідваць галаву, каб ваду праглынуць. А вось галубы здольныя піць бесперапынку, апусціўшы дзюбу ў ваду.

Вада для купання

Вада для купання – не меней важная для птушак, асабліва зімой. Падтрымліваць пер’е ў добрым стане – жыццёвая неабходнасць, і задавальняецца яна праз купанне. З вільготных пёраў лягчэй сыходзіць бруд і такім чынам палягчаецца апярэнне.

Палявы верабей скоча ў ваду. Фота Мікалая Вараб'я

Палявы верабей скоча ў ваду. Фота Мікалая Вараб’я

Падчас купання птушкі старанна перабіраюць пёры і раўнамерна пакрываюць іх сакрэтам з хвастцовай залозы. Так яны засцерагаюць пер’е ад намакання, каб яно магло ўтрымліваць пад сабой слой паветра, якое захоўвае цяпло.

Утрыманне вады ў чысціні

Чыстая вада дапамагае птушкам не падчапіць хваробу.

Птушыная ванна патрабуе рэгулярнай чысткі і замены вады. Водарасці, апалыя лісты ці экскрэменты накопліваюцца хутка, таму дбайна чысціць птушыную ванну трэба прыкладна кожны тыдзень. Прашаруй сценкі і дно, каб пазбавіцца водарасцяў і іншага бруду.

Для гэтага можна карыстацца разбаўленым вадой сродкам для дэзінфекцыі, аднак пільнуйся, каб не пакінуць пасля чысткі слядоў хімікатаў. Карыстайся нетаксічнымі сродкамі.

Як не даць вадзе заледзянець

Птушкам патрэбна пітная вада і ў гарачае, і ў халоднае надвор’е. Таксама і купанне неабходна ім нават у самыя халодныя зімы. Менавіта ў маразы, калі большасць прыродных крыніц замярзае, клапаціцца пра месцы для купання птушак найбольш важна. Перадухіліць заледзяненне птушынай купальні можа быць няпроста, але прапануем вам некалькі парад:

  • Лёгкі мячык, які трымаецца на вадзе, будзе варушыцца нават ад лёгкага павеву і ўтрымае ваду ад замярзання
  • Пакладзі на краях ванначкі поліэтылен, які ты зможаш потым зняць разам са слоем ільду
  • Пастаў металічны кантэйнер на цагліны, пад яго пастаў запаленую свечку, а з бакоў адгарадзі яе ад ветру
  • Замёрзлую ваду можна лёгка растапіць гарачай
  • Гатовыя птушыныя ванны для зімы ёсць таксама у продажы (напрыклад „Solar Sipper“), аднак знайсці іх у Беларусі можа быць даволі цяжка (але магчыма замовіць з-за мяжы)

Пазбягай хімікатаў!

Не дадавай ў ваду ніякіх хімічных сродкаў (такіх як гліцэрына, антыфрыз ці соль). Яны могуць парушыць водатрываласць птушынага пер’я ці атруціць іх саміх.

Як зрабіць птушыную ванну

Існуе шмат спосабаў забяспечыць птушак вадой у садзе, але самы просты спосаб — гэта птушыная ванна. Па сутнасці, гэта посуд з вадой – і ўсе яго эстэтычныя аспекты патрэбны для таго, каб радаваць нас, а не птушак!

Падрыхтоўка птушынай купальні. Фота RSPB

Падрыхтоўка птушынай купальні. Фота RSPB

Добрая птушыная ванна мае простую і трывалую канструкцыю, але пры тым досыць лёгкую, каб яе было лёгка чысціць і напаўняць.

  • Ванна павінна мець неглыбокія нахільныя бакі з неглыбокім падыходам да вады.
  • Для таго, каб розныя віды птушак маглі карыстацца ваннай, забяспеч такі нахіл, пры якім вада мае глыбіню ад 2,5 да 10 см.
  • Пераканайся, што паверхня ванны шурпатая, каб птушкі змаглі ўтрымацца кіпцюрамі і не слізгаць.
  • Невялічкая чародка шпакоў можа пры сваім энергічным купанні скарыстаць шмат вады, таму пераканайся, што ванна для птушак досыць вялікая!
  • Самая простая птушыная ванна – сподак для гаршка з рэльефным аздабленнем і каменьчыкам пасярэдзіне. Ты можаш усталяваць некалькі такіх у садзе.
  • Таксама можна выкарыстаць накрыўку ад кошыка для смецця, засадзіць яе ў зямлю, альбо ўсталяваць яе на камянях ці слупках. Калі накрыўка бліскучая альбо слізкая, тонкі пласт жвіру на дне (хоць гэта і ўскладняе чыстку) і невялічкі камень у сярэдзіне дапамогуць птушкам зручна дабрацца да вады.
  • Яшчэ адзін варыянт – ванна з цэменту. Выкапай ямку патрэбнага памеру і формы і залі яе патрэбным слоем. Як толькі цэмент застыне, яго можна выняць, падшліфаваць і ўсталяваць у канчатковым месцы.

Дзе размясціць птушыную ванну

Віды птушак, якія будуць наведваць тваю птушыную лазню, і іх колькасць залежаць ад таго, дзе знаходзіцца твой сад, а таксама ад навакольнай расліннасці.

Важна правільна размясціць ванну: птушкі будуць карыстацца ёй толькі тады, калі будуць адчуваць сябе ў бяспецы.

Упэўніся, што размяшчэнне ванны забяспечвае добрую бачнасць для птушак падчас купання. Разам з тым варта мець паблізу кусты ці дрэвы, дзе яны пры патрэбе могуць схавацца, а таксама досыць месца, на якім птушкі змогуць сядзець падчас купання.

Пераканайся, што каты не змогуць выкарыстаць укрыццё для птушак як засаду. Для гэтага пад кустамі ці дрэвамі можна пакласці галіны калючых раслін, напрыклад шыпшыны ці руж. Паспрабуй размясціць ванну ў розных месцах саду, каб убачыць, якому з іх птушкі аддаюць перавагу.

Пры сухім надвор’і птушкі спрабуюць піць з бочак ці паілак для скаціны. На жаль, многія з іх тонуць. Калі накрыць глыбокую ёмістасць немагчыма, у яе трэба пакласці драўляную дошку ці галіну, на якую птушкі змогуць бяспечна прызямліцца, каб напіцца ці нават выкупацца.

Крыніца: rspb.org

Пераклад Ягора Давыдзькі

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: