Чаму вароны нападаюць на людзей і што рабіць, каб абараніцца?

ад 17 мая 2022 года

Арнітолагам часта тэлефануюць усхваляваныя людзі: маўляў, на нас у двары ці ў парку нападаюць вароны, што можна з гэтым зрабіць?

Ворона серая

Шэрая варона. Фота В. Сцяпанавай

Рэч у тым, што ў канцы траўня і пачатку чэрвеня ў суседзяў чалавека – шэрых варон – птушаняты пакідаюць гнёзды. Але спачатку яны яшчэ нядобра лятаюць, і подлеткі могуць хавацца ў траве. Натуральна, іх бацькі прыглядаюць за імі і абараняюць іх ад патэнцыйнай небяспекі.

Калі каля цябе з карканнем, лопаючы крыламі, лятаюць вароны і нават спрабуюць цябе дзеўбануць, ведай, што недзе паблізу стаілася іх птушаня. Бацькі ўспрымаюць цябе як пагрозу малому. Непрыемна? Вядома. Але важна разумець: так бацькі клапоцяцца пра птушанят. І такія агрэсіўныя паводзіны ў іх ненадоўга.

Каб навучыцца лятаць, птушаняці шэрай вароны трэба ўсяго некалькі дзён, таму, калі вы сутыкнуліся з парачкай нервовых варон-бацькоў, ведайце: праз 3-4 дні яны пакінуць ваш двор.

Многія птушаняты выскокваюць з гнязда ўжо з распрацаванымі крыламі – тады ні варонам-бацькам, ні мінакам не даводзіцца хвалявацца.

Што рабіць, калі атакуюць шэрыя вароны?

Не хвалюйся – варона не можа сур’ёзна параніць чалавека, хаця падрапаць скуру – можа.

Агледзься: можа, каля дарогі ці сцежкі ў траве ляжыць птушаня. Тады можна перанесці яго на 20 метраў далей ад дарогі, дзе ходзяць людзі. Рабіць гэта трэба асцярожна, бо вароны будуць нападаць, калі ты возьмеш птушаня ў рукі. Захіні галаву парасонам або прыкрый капюшонам.Таксама варон можна адпужнуць вокрыкам.

Калі незразумела, чаму вароны атакуюць людзей на пэўным участку – можна павесіць на ўваходзе-выхадзе з гэтага ўчастку таблічку: “Асцярожна — шэрыя вароны. Лепей абыдзіце”.

Серая ворона

Шэрая варона. Фота М. Вараб’я

Ніякіх спецыялістаў, грамадскіх арганізацый, прыродных камітэтаў у такіх выпадкаў выклікаць не трэба: гэта звычайная прыродная з’ява, і сур’ёзнага ўмяшальніцтва яна не патрабуе. Не трэба помсціць варонам.

 

Аляксандр Вінчэўскі, арнітолаг
Нашы грамадзяне варон часцяком блытаюць з гракамі. Але гракі цалкам чорныя, а не чорна-шэрыя птушкі, гняздуюць калоніямі, а не паасобку, ніколі не абараняюць сваіх птушанят, хаця хвалююцца за іх не менш за варон. Шэрыя вароны –надзвычай разумныя птушкі. Толькі ўявіце сабе, што яшчэ зусім нядаўна гэтыя птушкі гнездавалі на балотах і ўскрайках палёў і паплавоў, а цяпер амаль усе перасяліліся ў гарады. Так што ўрбанізацыя закранула не толькі людзей.

Ці ведалі вы, што вароны распазнаюць людзей па тварах і нават доўга могуць трымаць крыўду на вас і перадаць яе іншым варонам? Гэтыя выдатныя птушкі ўмеюць чытаць светлафоры, яны маюць розныя дыялекты, і калі яны паміраюць, іх суседзі часам нават арганізуюць пахаванне. Ці ведаеце вы, што вароны вельмі падобныя да людзей і наведваюць сваіх бацькоў шмат гадоў пасля таго, як пакінулі гняздо? Яны маюць адносна вялікі мозг і суадносіны мозга да цела такія ж, як у шымпанзэ. Яны могуць праяўляць гнеў, смутак і шчасце ў залежнасці ад сітуацыі. Біёлагі лічаць, што вароны разумнейшыя ў сярэднім за сямігадовае чалавечае дзіця!

 

Варона выбрана ў Беларусі птушкай 2024 года.

Одноклассниках


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: