“Без рысі лес не будзе ранейшым”. Гутарка з біёлагам Ганнай Сідаровіч

ад 25 мая 2020 года

Якая будучыня чакае “чырванакніжную” рысь у Беларусі? Сёння гэта турбуе не толькі прыродаахоўнікаў, але і грамадства.

16 траўня шмат людзей дазванілася да першых намеснікаў Міністраў лясной гаспадаркі ды прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, каб задаць пытанні наконт лёсу рысі.

У адказ яны пачулі, што гэтай зімой упершыню за 10 гадоў правялі ўлікі рысі, налічыўшы каля 1000 асобінаў, і што ў некаторых раёнах, “дзе рысь асабліва шкодзіць лясным гаспадаркам”, хочуць рабіць “эксперыментальнае рэгуляванне рысі ў навуковых мэтах, каб высветліць, чаму менавіта ў гэтых раёнах так вырасла яе колькасць”.

Мы пагутарылі з вядучым супрацоўнікам Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Ганнай Сідаровіч, каб высветліць, што думае наконт такіх планаў біёлаг-навукоўца.

Рысь. Фота Ігара Бышнёва

Рысь. Фота Ігара Бышнёва

Як вы лічыце, пры якіх умовах можна адкрываць паляванне на рысь або ўводзіць «абмежаваны» адстрэл рысі (напрыклад, у раёнах з высокай шчыльнасцю папуляцыі)?

Даць рысі статус паляўнічага віду магчыма толькі пры дасягненні пэўнай колькасці папуляцыі, якая будзе забяспечваць устойлівае доўгатэрміновае існаванне гэтага віду ў Беларусі. Для плошчы нашай краіны гэта не менш за 2000 асобінаў. Вядома, могуць скласціся ўмовы, пры якіх будзе пагроза існаванню некаторых відаў ахвяр рысі. Напрыклад, у некаторых рэгіёнах краіны колькасць цецеруковых птушак (асабліва глушца і цецерука) занадта малая. А ў суровыя снежныя зімы гіне шмат казуляў. Але, на мой погляд, пакуль колькасць рысі напоўніцу не адновіцца, трэба зніжаць ці нават забараніць паляванне на гэтых ахвяр, а не адстрэльваць рысь.

Ці ёсць у Беларусі месцы з занадта высокай шчыльнасцю папуляцыі рысі?

Паняцце “высокая шчыльнасць” надта суб’ектыўнае. З погляду сталага функцыянавання натуральных экасістэм гэта будзе адна лічба, з пазіцый эканомікі паляўнічай гаспадаркі – другая, а для развіцця экатурызму – трэцяя. І я лічу, што з якога боку ні паглядзець, шчыльнасць рысі цяпер не можа быць вялікай.

Па-першае, пры самай найлепшай сітуацыі колькасць рысі ў Беларусі меншая за 1000 асобін. Зуброў, для параўнання, у нас больш 2000, і шмат дзяржаўных грошай траціцца на яго рассяленне, стварэнне новых папуляцый, а адстрэльваюцца толькі старыя ці хворыя асобіны. У рысяў немагчыма выявіць такіх старых ці хворых асобін, а адстрэл здаровых маладых жывёл можа пашкодзіць аднаўленню папуляцыі.

Па-другое, рысь насяляе толькі натуральны тэрэн, харчуецца толькі ў лесе і толькі дзікімі відамі ахвяр. Калі ахвяр няма, колькасць рысяў зніжаецца. Ваўкі, для параўнання, могуць замяшчаць дзікія віды ахвяр на антрапагенныя – сабак ці капытных жывёл. Рысі харчуюцца пераважна зайцам-беляком, цецеруковымі птушкамі і казуляй. Зайца-беляка і цецеруковых птушак у Беларусі з кожным годам робіцца ўсё менш, а казулю рысям усё ж цяжка здабываць. Таму занадта высокай шчыльнасці рысі нават у асобных рэгіёнах Беларусі з пазіцый экалагічнай ёмістасці быць не можа. Але трэба адзначыць, што ў многіх краінах свету падтрымліваюць не экалагічна аптымальную колькасць буйных драпежнікаў, а сацыяльна прымальную — тую, на якую згодна насельніцтва.

Наколькі складаныя ўлікі рысі і наколькі дакладныя розныя методыкі ўлікаў, як рэгулярна яны мусяць праводзіцца? 

У сучасны момант дакладных падлікаў рысі не праводзіцца. Падлікі не складаныя, але каштуюць шмат грошай. Ёсць некалькі розных методык. Узімку падлікі праводзяць па слядах рысі. Для гэтага патрэбныя добрыя аўтатранспартныя сродкі, шмат паліва і некалькі брыгад людзей. Трэба праводзіць вельмі шмат падлікаў, каб атрымаць даставерныя дадзеныя. Апошнія два гады снегу амаль што не было, падлікі ў такіх умовах праводзіць складана.

Ёсць і другі метад – выкарыстанне фотапастак і спецыялізаванага праграмнага забеспячэння. Фотапастак трэба шмат, а яны каштуюць грошай і ёсць небяспека іх страціць – іх часта крадуць. Добрыя надзейныя падлікі рысі не праводзіліся ў Беларусі ўжо даўно.

Якая роля рысі ў экасістэме? Ці вядомыя вам прыклады вопыту іншых краін, як чалавек уплываў на папуляцыю рысі і да якіх наступстваў гэта прыводзіла?

Усе буйныя драпежнікі надта важныя для сталага функцыянавання натуральных экасістэм. Яны кантралююць шчыльнасць ахвяр, элімінуючы хворых і старых, і, такім чынам, гасяць эпізадычныя ўспышкі хваробаў. Перш за ўсё, рысі здабываюць шмат янотападобных сабакаў і лісаў. Паглядзіце статыстыку па шаленстве – колькасць хворых жывёл у Беларусі расце, а таксама і выпадкаў атак хворых шаленствам лісаў на людзей. Гэта звязана з ростам колькасці лісаў і янотападобных сабак (бачна з паляўнічай статыстыкі). Гэта таксама ўскосная прыкмета таго, што буйных драпежнікаў у нас мала. Прыкладаў наступстваў элімінацыі буйных драпежнікаў у публікацыях шмат, прычым гэтыя даследаванні пачалі праводзіцца параўнальна даўно.

Акрамя такой біялагічнай ролі, я хацела б прыгадаць таксама значэнне рысі ў культурным аспекце. Гэта традыцыйны від нашых беларускіх лясоў, без якога лес ужо не будзе ранейшым. Многія людзі, нават з гарадоў, неабыякавыя да лёсу рысі. Шмат хто цікавіцца яе статусам, вельмі шмат людзей падпісала петыцыю, каб рысь засталася ў Чырвонай кнізе. Падводзячы вынік, маё прыватнае меркаванне: пакуль яшчэ занадта рана гаварыць аб адкрыцці палявання на рысь.

Гутарыла Алеся Башарымава

ВКонтакте

 


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: