Каўкі аказаліся дэмакратычнымі птушкамі

ад 10 чэрвеня 2022 года

Падчас зімоўкі каўкі збіраюцца на начлег вялікімі групамі ад сотняў да тысяч птушак у адным месцы. Нядаўняе даследаванне паказала: каб вырашыць, калі ўсім адляцець з месца начлегу, яны выкарыстоўваюць своесаблівы дэмакратычны працэс прыняцця рашэння. 

каўкі галки

Каманда навукоўцаў з University of Exeter, University of Cambridge (абодва – Вялікабрытанія) і Centre for Ecological Research and Forestry Applications у Барселоне (Каталонія) на розных месцах начлегу ў Корнуэле запісвала галасы птушак перад іх разлётам з самага ранку. Пасля дзякуючы камбінацыі прайгравання гэтых запісаў і рэальных ‘перамоў’ паміж птушкамі даследчыкі ўбачылі, што з дапамогай галасоў каўкі сапраўды здзяйсняюць своеасаблівае абмеркаванне і прымаюць рашэнне пра адлёт кансенсусам («consensus decision-making»).

Пасля начлегу ў вялікай групе кожная з кавак можа мець трошкі розныя прэферэнцыі наконт таго, калі яна хоча адляцець. Яны могуць залежаць ад яе адчування голаду, – сказаў Alex Dibnah, які ачольваў правядзенне даследавання. — Тым не менш, для ўсіх карысна дасягнуць кансенсусу. Бо агульны адлёт з месца начоўкі мае яўныя перавагі для ўсіх птушак. Сярод іх большая бяспека ад драпежнікаў і доступ да інфармацыі пра месцы з даступнай ежай. Наша даследаванне паказала, што асобныя птушкі голасам прымаюць – або не – удзел у прыняцці рашэння і калі шум галасоў дасягае нейкага ўзроўня, каўкі пачынаюць масава пакідаць месца начлегу”.

Навукоўцы таксама знайшлі, што:

  • масавы разлёт кавак адбываецца амаль адначасова і ў сярэднім на працягу пяці секунд усе птушкі апынаюцца ў паветры;
  • адлёт з месца начоўкі адбываецца ў сярэднім на працягу гадзіны ў прамежак часу з 45 хвілін да ўсходу сонца і да 15 хвілін пасля яго. Дождж або густая воблачнасць могуць і звычайна затрымліваюць яго;
  • калі інтэнсіўнасць крыкаў ўзрастае больш крута, птушкі ўзлятаюць раней;
  • прайграванне, напрыклад, гукаў ветру ніяк не паскарала адлёт пасля начоўкі, бо, у адрозненне ад галасоў іншых кавак, агульны ўзровень шуму навокал не грае ў гэтым ролі.

Цікава, аднак, што каўкі не заўсёды адлятаюць зранку ў вялікай колькасці і амаль адначасова. Калі ўзровень крыкаў птушак не ўзрастае так хутка, як трэба, і не дасягае патрэбнага ўзроўню, каўкі пачынаюць адлятаць у пошуках ежы паступова і невялікімі групамі.

Прафесар Alex Thornton з Exeter’s Centre for Ecology and Conservation наступным чынам пракаментаваў вынікі даследавання:

Гэта дапамагае нам зразумець, як сапраўды вялікія групы жывёл могуць каарадынаваць свае дзеянні, і гэта тое, што дагэтуль рэдка было апісана дэтальна. Таксама важна, што той шум, які ўтвараем мы, людзі, можа перашкаджаць у адэкватнай перадачы і ўспрыняцці гукавой інфармацыі ў розных сацыяльных групах дзікіх жывёл. Наступным крокам мы хочам даследаваць гэта.


Крыніца: Alex J. Dibnah et al, Vocally mediated consensus decisions govern mass departures from jackdaw roosts, Current Biology (2022) DOI: 10.1016/j.cub.2022.04.032

Паводле www.phys.org  для сайта birdwatch.by падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Ірыны Самусенка


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: