Дзесяцігоддзі без чалавека: аднаўленне дзікай прыроды ў Чарнобыльскай зоне спрыяе рэдкім відам птушак

ад 7 сакавіка 2023 года

Даследаванне беларускіх і брытанскіх вучоных, апублікаванае ў пачатку 2022 года, падводзіць вынік доўгатэрміновага маніторынгу драпежных птушак у Чарнобыльскай зоне адчужэння.

Назіранні, якія доўжыліся 22 гады, ішлі паралельна з пасіўным некантраляваным аднаўленнем тэрыторый, пакінутых чалавекам. Атрыманыя дадзеныя сведчаць, што аднаўленне экасістэм дазваляе эфектыўна супрацьстаяць скарачэнню біяразнастайнасці.

Аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў 1986 годзе стала адной з самых страшных ядзерных катастроф у гісторыі. Гаворачы пра яе доўгатэрміновыя наступствы, часцей за ўсё маюць на ўвазе негатыўны ўплыў аварыі на здароўе людзей і навакольнае асяроддзе, выкліканы моцным радыеактыўным забруджваннем.

Аднак ёсць як мінімум яшчэ адзін доўгатэрміновы эфект гэтай трагічнай падзеі, які часта застаецца па-за ўвагай: аварыя паклала пачатак унікальнаму прыкладу аднаўлення дзікай прыроды на тэрыторыі, якая яшчэ нядаўна інтэнсіўна засвойвалася людзьмі.

На тэрыторыі плошчай у 470 тысяч гектараў, якая была шчыльна заселена і інтэнсіўна выкарыстоўвалася ў сельскай гаспадарцы, чалавечая актыўнасць спынілася ў адзін момант. Жыхароў перасялілі, сельскагаспадарчыя ўгоддзі закінулі, меліяратыўныя каналы заблакавалі, каб папярэдзіць пажары і распаўсюджванне радыяцыі з вадой. Але адыход людзей зусім не азначаў, што жыццё ў гэтых мясцінах спынілася. Прырода скарыстала рэдкі шанец і пачала пакрысе адваёўваць тэрыторыі.

Закінутая царква ў Чарнобыльскай зоне адчужэння, Украіна. Фота Элені Вендрас.

Закінутая царква ў Чарнобыльскай зоне адчужэння, Украіна. Фота Элені Вендрас.

Больш за два дзесяцігоддзі вучоныя назіралі гэты працэс аднаўлення. Вынікі ўражваюць: з 1999 да 2017 года плошча водна-балотных угоддзяў у Чарнобыльскай зоне павялічылася на 680%, лясоў – на 14%. Зараз, праз больш як 30 гадоў пасля аварыі, гэтая мясцовасць стала падобнай да амаль натуральных прыродных тэрыторый на поўначы Беларусі ці поўдні Украіны з тыповымі сезоннымі паводкамі і абшарамі балот.

Дзікая прырода наступае: хто выйграе, хто прайграе?

Вучоныя меркавалі, што вынікам кардынальнага скарачэння чалавечага ўздзеяння стане змена складу жывёльных супольнасцей. На працягу 22 гадоў – з 1998 да 2019 – беларускі арнітолаг Валерый Дамброўскі вёў маніторынг відавога складу, колькасці і месцаў пражывання драпежных птушак, што гняздуюць у Чарнобыльскай зоне адчужэння.

Даследаванне вялося на тэрыторыі плошчай у 147 квадратных кіламетраў, якая да аварыі актыўна выкарыстоўвалася ў сельскай гаспадарцы. За 22 гады назіранняў зарэгістравалі 13 відаў дзённых драпежнікаў, якія гнездавалі тут. За гэты час змяняўся і відавы склад птушак, і колькасць асобных відаў.

Так, выявілася, што за час даследавання вырасла колькасць вялікіх арляцоў, якія маюць статус глабальна пагражальнага віду: у 2019 годзе чатыры пары зафіксавана на даследаваным участку, а ўсяго ў беларускай частцы зоны адчужэння – як мінімум 13. На сёння Чарнобыльская зона – адзінае месца ў свеце, дзе колькасць гэтага віду расце.

Вялікі арлец прызнаны індыкатарам стану водна-балотных угоддзяў. Менавіта дэградацыя і страта такіх прыродных тэрыторый у свеце прывяла і прыводзіць да скарачэння папуляцыі гэтых птушак. Важна і тое, што вялікія арляцы вельмі адчувальныя да турбавання чалавекам: прысутнасць людзей дрэнна ўплывае на паспяховасць іх размнажэння. Даследаванне паказала, што павелічэнне плошчы водна-балотных угоддзяў разам з адсутнасцю антрапагеннага ўплыву паспрыяла росту колькасці гэтых рэдкіх птушак. Гэта значыць, што адноўленыя тэрыторыі дзікай прыроды могуць стаць выратавальнымі для гэтага віду.

Арланы-белахвосты. Фота Васіля Федасенкі.

Арланы-белахвосты. Фота Васіля Федасенкі.

Яшчэ адзін драпежнік, адчувальны да антрапагеннага ўздзеяння, – арлан-белахвост. Да аварыі на Чарнобыльскай АЭС гэтыя птушкі на тэрыторыі цяперашняй зоны адчужэння не размнажаліся і ўпершыню былі адзначаны ў 1992 годзе. Да 2010 года іх колькасць тут павялічылася да дваццаці пар.

У адрозненне ад вялікага арляца, арлан-белахвост – аселы від. Для яго крытычна важна, каб узімку хапала буйной здабычы. І тут на першы план выходзіць яшчэ адзін аспект аднаўлення дзікай прыроды на гэтай тэрыторыі: у зоне адчужэння вырасла колькасць вышэйшых драпежнікаў – у прыватнасці, ваўкоў,– а таксама іх здабычы – ласёў і аленяў. Дзякуючы гэтаму арланы-белахвосты ў халодную пару года забяспечаны падлінай, што дазваляе ім выжываць.

Колькасць капытных у Чарнобыльскай зоне адчужанасці значна вырасла за апошнія дзесяцігодзі. Здымак з фотапасткі.

Аўтары даследавання адзначаюць, што колькасць драпежных птушак, якія аддаюць перавагу сельскагаспадарчым угоддзям падчас палявання, наадварот, скарацілася.

Так, за перыяд назіранняў у Чарнобыльскай зоне адчужэння значна ўпала колькасць такіх распаўсюджаных відаў як поплаўны лунь, малы арлец, асаед, канюх-мышалоў. Цікава, што ў пачатку назіранняў, якія, нагадаем, стартавалі ў 1998 годзе, колькасць гэтых птушак у Чарнобыльскай зоне была нашмат большай, чым у сярэднім па рэгіёне. Вучоныя мяркуюць, што хуткі рост папуляцый назіраўся ў першыя гады пасля аварыі: звыклыя кармавыя тэрыторыі птушак не паспелі моцна змяніцца, а адыход людзей і спыненне вытворчай актыўнасці дазволілі птушкам больш свабодна паляваць і выбіраць месцы для гнездавання. Аднак па меры паўторнага забалочвання адкрытых сухіх тэрыторый станавілася ўсё меней. Плошчы аптымальных паляўнічых угоддзяў для пералічаных птушак скараціліся, дадалася канкурэнцыя з буйнейшымі драпежнікамі – вялікім арляцом і арланам-белахвостам. Апошняя прычына, як мяркуюць арнітолагі, прывяла таксама да скарачэння колькасці арла-вужаеда.

Вучоныя заўважаюць: пасіўнае аднаўленне экасістэм і яго ўплыў на біяразнастайнасць – працэсы няхуткія. Даследаванне паказала, што некаторым відам спатрэбілася амаль дваццаць гадоў, каб стабілізаваць колькасць, а некаторыя віды – такія як вялікі і малы арляцы – дагэтуль знаходзяцца ў дынаміцы.

Вялікі арлец пачаў каланізаваць Чарнобыльскую зону адчужэння толькі праз паўтара дзесяцігоддзя пасля таго, як тэрыторыю пакінулі людзі. Таму адэкватна ацаніць працэсы аднаўлення экасістэм і звязаныя з ім змены ў складзе і колькасці відаў можна толькі праз доўгатэрміновае назіранне. Яго працягласць будзе вымярацца дзесяцігоддзямі.

Аднак ужо цяпер відаць, што пасіўнае аднаўленне дзікай прыроды здольнае вярнуць нізінныя тэрыторыі Еўропы ў стан, блізкі да натуральнага – як з пункту гледжання экасістэм, так і ў плане біяразнастайнасці.

Крыніца: wildpolesia.org

ВКонтакте

 

Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: