Ляда ў крыланавым лесе

ад 28 лютага 2023 года

Беларускія арляцы пачалі міграцыю з месцаў зімоўкі. Як і раней, адной з першых арлоў, пазначаных перадатчыкамі, сваё доўгае падарожжа пачала Ляда – самка-гібрыд вялікага і малога арляцоў.

Вялікі арлец – від, якому пагражае глабальнае знікненне. У Беларусі адна з найвялікшых у Еўропе папуляцый, але гэта ўсяго каля 160 пар. Часам вялікія арляцы ўтвараюць пары з малымі арляцамі.

Ляда ў нацыянальным парку «Касанка». Фота зрабіў у 2021 годзе Brett Lewis. Заўважыўшы перадатчык на спіне арліцы, ён пачаў шукаць звесткі пра птушку, звяртаючыся да многіх арніталагічных супольнасцяў. Ляда стала сапраўднай міжнароднай знакамітасцю да таго часу, як у канцы 2022 года высветлілася, што яна з Беларусі.

Ляда кожны год зімуе ў Замбіі на невялічкім кавалачку зямлі, плошчай усяго каля 3 кв. км. Яе штодзённыя перасоўванні паміж дзвюма часткамі лесу складаюць усяго 2 км.

Зімовачны арэал самкі Ляды ў Замбіі складае каля 3 кв. км (жоўтая лінія). Чырвоная лінія акрэслівае “крыланавы” лес. Блакітныя кропкі паказваюць геалакацыю Ляды на працягу зімоўкі (кастрычнік-cнежань).

Зімовачны арэал самкі Ляды ў Замбіі складае каля 3 кв. км (жоўтая лінія). Чырвоная лінія акрэслівае “крыланавы” лес. Блакітныя кропкі паказваюць геалакацыю Ляды на працягу зімоўкі (кастрычнік-cнежань).

 

Каб зразумець, што дазваляе птушцы існаваць доўгі час у такіх сціплых умовах, спатрэбілася добра паглыбіцца ў Інтэрнет. На шчасце, гэты кавалачак тэрыторыі Замбіі выявіўся даволі знакамітым для знаўцаў прыроды. Тут быў створаны нацыянальны парк “Касанка” для аховы мясцовай біяразнастайнасці. У фаўне парку можна адзначыць шэраг відаў лясных антылоп, блакітную малпу, каля 400 відаў птушак. Аднак неўзабаве высветлілася, што на тэрыторыі парку штогод адбываецца адно з найвялікшых відовішч дзікай прыроды Афрыцы, якое збірае мноства турыстаў з усяго свету.

Пальмавыя крыланы збіраюцца на адпачынак у нацыянальным парку “Касанка”

Пальмавыя крыланы збіраюцца на адпачынак у нацыянальным парку “Касанка”

З сярэдзіны кастрычніка да канца снежня туды прылятаюць больш за 10 мільёнаў (!) пальмавых крыланаў (Eidolon helvum). Усе яны для адпачынку аддаюць перавагу асобнаму багністаму лесу плошчай каля 2 га, што стварае, як гавораць, найвялікшую шчыльнасць сысуноў у свеце.

Дарэчы, пальмавыя крыланы — гэта даволі буйныя прадстаўнікі атраду рукакрылых. Маса дарослых асобін дасягае 350 г, размах крылаў – больш за 70 см. Падчас адпачынку крыланы шчыльнымі шэрагамі абседжваюць галіны дрэў, якія гнуцца і нават ломяцца пад цяжарам жывёл.

Так адпачываюць пальмавыя крыланы. Фота David Rogers

Так адпачываюць пальмавыя крыланы. Фота David Rogers

Не дзіўна, што велізарная колькасць крыланаў прываблівае мноства драпежнікаў, якія амаль напоўніцу пераходзяць на харчаванне гэтай лёгкадаступнай ежай. Паласавацца крыланамі прылятаюць афрыканскія арлы-шулякі ды баявыя арлы, сокалы-кабцы, каршуны і шмат іншых. Акрамя таго, ёсць кракадзілы, змеі ды нільскія вараны, якія пільна сочаць, ці не зваліцца каторы недарэка на зямлю.

Ляда ў нацыянальным парку «Касанка», за 8,5 тысяч кіламетраў ад месца гнездавання ў Беларусі. Падчас міграцыі яна перасекла мноства сухапутных меж і адкрытых мораў, адведаўшы Малдову, Украіну, Румынію, Балгарыю, Турцыю, Сірыю (праз Міжземнае мора), Ліван, Ізраіль, Егіпет, Судан, Эфіопію, Паўднёвы Судан, Уганду, Танзанію і, нарэшце, Замбію. Цяпер яна ўжо вяртаецца ў Беларусь. Фота Brett Lewis

А што ж наша Ляда? Ці мае яна дачыненне да гэтай прыроднай феерыі? Высветлілася, што мае! Менавіта ў крыланавы лес яна і лётала кожны дзень на працягу амаль усёй зімоўкі. А прылятае яна ў Замбію ў канцы кастрычніка, акурат у час прыбыцця рукакрылых.

Подорлик Ляда

Ляда ў нацпарку «Касанка» 3 лістапада 2022 года. Фота Jose Manuel Mendez Garcia, апублікавана ў Фэйсбук-групе BirdWatch Zambia Forum

Няма сумневу, што яна, як і шмат іншых мясцовых драпежнікаў, жыве за кошт гэтай дзіўнай і не да канца зразумелай прыроднай з’явы – масавай канцэнтрацыі крыланаў у адным месцы. Хто б мог падумаць! Ляда жыве побач з намі на Сярэдняй Прыпяці, нічым не вызначаецца сярод дзясяткаў іншых арляцоў, яе суседзяў. Але адначасова яна з’яўляецца тым звяном, што звязвае нас з найцікавейшымі падзеямі ў маштабах сусвету. А колькі яшчэ таямніц хаваюць іншыя нашы “звычайныя” арляцы? Можна толькі здагадвацца.

Тэкст: Валер Дамброўскі


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: