Блуканні Элені, птушкі без сігналаў і фотапасткі напагатове

ад 28 красавіка 2023 года

Вялікія арляцы вярнуліся дадому. На жаль, не ўсе з гэтых глабальна пагражальных птушак перажылі сезон. Пра заканчэнне вясновай міграцыі і тое, чым займаюцца арляцы зараз, расказвае Валер Дамброўскі.

Доўга чакаў, калі ўжо апошні беларускі вялікі арлец, пазначаны перадатчыкам, вернецца дадому, але ён дагэтуль нікуды не спяшаецца. Гэта арліца з Чарнобыльскай зоны па мянушцы Элені.

ББольшой подорлик Эллени

Вялікі арлец Элені

Спачатку яна ляцела сваім звыклым маршрутам праз Украіну, пакуль не спаткала непагадзь 13 красавіка недзе ў Жытомірскай вобласці. Да гнязда заставалася каля 100 км, г. зн. менш аднадзённага пералёту. Але халодны сустрэчны вецер і дождж вымусілі птушку адляцець троху назад, да Ровенскай, а потым і да Хмяльніцкай вобласці.

Далей яе паводзіны ўжо нельга растлумачыць толькі надвор’ем. Пасля Вялікадня настала пагода, а арліца так і засталася дзе была ды нават пасунулася яшчэ далей на поўдзень, да мяжы Вініцкай вобласці.

Маршрут арліцы Элені

Маршрут арліцы Элені

22 красавіка накіравалася на поўнач, але трапіла на Альманскія балоты, якія знаходзяцца значна заходней, чым Чарнобыльская зона. Калі яна працягнула ў наступныя дні кіраваць на захад, то стала зразумела, што гнездавацца сёлета яна не збіраецца. Праз Валынь яе занесла некуды пад Пінск, а адтуль далёка на паўночны захад – аж на Бабровіцкае возера пад Выганашчы. Толькі 24 красавіка Элені павярнула свае крылы на ўсход. Цяпер вось яна павольна ляціць уздоўж Палесся, якое заліта напоўніцу добрай вясновай паводкай. Не ведаю нават, ці спыніцца яна каля свайго гнязда — мо паляціць далей вандраваць па свеце.

Другі чарнобыльскі жыхар – сусед Элені па мянушцы Баравец, дагэтуль так і не выйшаў на сувязь. Верагодна, загінуў у Паўднёвым Судане ці недзе паблізу ад яго. На гняздзе Бараўца ўжо гаспадарыць іншы самец, без перадатчыка. Такім чынам, за тры апошнія гады загінулі ўсе тры самцы вялікага арляца, памечаныя перадатчыкамі ў Чарнобыльскай зоне. Засталася толькі самка Элені, але і яе лёс апошнім часам складаецца не вельмі добра. Ужо тры гады запар яе спробы гнездавання заканчваліся няўдала. У двух выпадках гэта здаралася ў выніку знікнення самцоў цягам гнездавога сезона. Нядзіўна, што яна вырашыла зрабіць паўзу сёлета.

Астатнія 16 вялікіх арляцоў з працоўнымі перадатчыкамі ўжо даўно вярнуліся дадому. Міграцыя сёлета падзялілася на два перыяды. Тыя арляцы, што зімавалі на Балканах, скарысталіся спрыяльным цёплым надвор’ем сярэдзіны сакавіка і прыляцелі да сваіх гнёздаў троху раней звыклага. А вось большасць “афрыканцаў” патрапіла на працяглае пахаладанне канца сакавіка — пачатку красавіка і вярнулася дадому пазней, чым звычайна.

Ёсць яшчэ адна група нашых арляцоў, пра якіх пакуль няма чаго сказаць. Гэта птушкі з перадатчыкамі, якія больш не працуюць: Юзефіна з Белавежскай пушчы, Ціхан са Старога Жадзена ды Пярун з Прыпяцкага нацпарку. Птушак памецілі ў далёкім ужо 2017 годзе. Перадатчык Юзефіны адпрацаваў толькі тры з паловай года, Перуна – чатыры гады, Ціхана – троху меней за пяць гадоў. Летась усе птушкі былі жывыя і здаровыя. На гнёздах Юзефіны ды Ціхана ўжо ўсталяваны фотапасткі. Да Перуна трэба будзе завітаць з добрай оптыкай на працягу гнездавога сезона. Ён так удала змайстраваў гняздо на макавіне высокага дрэва, што навукоўцам з іхнімі фотапасткамі да яго не дабрацца.


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: