У Чэрвенскім раёне адзначылі новы для Беларусі від драпежных птушак

ад 24 жніўня 2021 года

22 жніўня група мінскіх птушкароў адзначыла на рыбгасе “Волма” у Чэрвенскім раёне новы для Беларусі від птушак – арлана-даўгахвоста (Haliaeetus leucoryphus). Фота птушкі было выкладзена на старонку Клуб200 у Facebook. Сябры клуба – людзі, якія назіралі не менш за 200 відаў птушак на тэрыторыі Беларусі.

Арлан-даўгахвост на Волме. Фота Аляксандра Вінчэўскага

Арлан-даўгахвост на Волме. Фота А. Вінчэўскага

Знайшлі рэдкую птушку Андрэй Барадзін, Аляксандра Кудзінава, Сяргей Анохін, Дар’я Уруціна, Кацярына і Аляксандр Вараб’ёвы. Вызначыў від Андрэй Барадзін, каардынатар Клуб200.

Даведаўшыся, што на рыбгасе “Волма” спусцілі ваду на 6-й сажалцы, мы вырашылі з’ездзіць туды, — расказаў Андрэй сайту “Птушкі штодня”. —  Мае спадарожнікі хацелі там убачыць крычку-чэграву, мяне ж больш цікавілі кулікі. Іх было няшмат, прыемна ўразіла толькі чародка з 11 вялікіх кулёнаў. На дне сажалкі сядзелі і арланы-белахвосты, а сярод іх гэтая дзіўнаватая птушка. Я яшчэ там пажартаваў наконт арлана-даўгахвоста, таму што завочна быў знаёмы з гэтым відам (спадзяваўся убачыць яго падчас падарожжа ў Казахстане, але тады не атрымалася). Калі ж арлан узляцеў, Аляксандра змагла зрабіць некалькі здымкаў птушкі ў палёце. Я праглядзеў іх ужо ў хаце і спачатку думаў, што гэта арол-магільнік і толькі потым успомніў пра арлана-даўгахвоста. Знайшоў у інтэрнеце здымкі маладых птушак, якія выглядалі вельмі падобнымі да нашай. Звярнуўся да Андрэя Каваленкі, арнітолага з Казахстана і ён пацвердзіў вызначэнне.

Фота Аляксандры Кудзінавай, па якім вызначылі птушку

Фота Аляксандры Кудзінавай, па якім вызначылі птушку

Арлан-даўгахвост мае невялікі гнездавы арэал: напэўна, від гняздуе зараз толькі на паўночна-ўсходнім ускрайку Індыі і ў Бангладэш.

Від, які жыве на поўдзень ад Гімалаяў, сустрэчы якога адзінкавыя нават у Азіі за межамі гнездавога арэала, знойдзены ў Беларусі! У яго ёсць унікальная асаблівасць, якая доўгі час уводзіла ў зман навукоўцаў. Гэта адзіная птушка паўночнага паўшар’я (прынамсі драпежная), якая размнажаецца на поўдні свайго арэала зімой і мігруе на поўнач на летні перыяд. Гэты малады арлан-даўгахвост павінен быў здзейсніць вандроўку даўжынёй прынамсі 5 тыс. км, каб стаць сенсацыяй у Беларусі, – пракаментаваў знаходку Валер Дамброўскі, вядучы навуковы супрацоўнік НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах.

Арлан-даўгахвост знаходзіцца на мяжы знікнення. Колькасць птушак асабліва знізілася ў другой палове 20 ст. Прычыны дакладна невядомыя.

 

Цісні на кнопку, каб падпісацца на ютуб !

Вядомыя адзінкавыя сустрэчы арланаў-даўгахвостаў у Расіі, Украіне і Польшчы. Маладыя птушкі гэтага віду вельмі падобныя на маладых арланаў-белахвостаў, і часам арнітолагі няправільна вызначалі нават здабытых птушак. Гэта птушка добра сфататаграфавана. Невядома, колькі арлан будзе сідзець пад Мінскам, але зараз птушкары усіх суседніх краін спадзяюцца на яе візіт!

Арлан-даўгахвост (злева) і звычайны рэзідэнт Беларусі арлан-белахвост (справа). Фота Аляксандра Вінчэўскага

Арлан-даўгахвост (злева) і звычайны рэзідэнт Беларусі арлан-белахвост (справа). Фота А. Вінчэўскага

Пасля зацвярджэння Беларускай арнітафаўністычнай камісіяй арлан-даўгахвост стане 338-м відам у спісе птушак Беларусі.

Тэкст: Алеся Башарымава

https://www.facebook.com/wildlife.belarus


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: