Спадарожнікі дапамаглі зарэгістраваць новы від птушак для Беларусі

ад 4 красавіка 2022 года

Дэлавэрская чайка, пазначаная перадатчыкам, заляцела на тэрыторыю Беларусі. Гэта вызначылі па трэку.

Дэлавэрская чайка гняздуе ў Паўночнай Амерыцы і зімуе пераажна ў Цэнтральнай, у апошнія дзесяцігоддзі рэгулярна залятае ў Еўропу, а асобныя птушкі нават застаюцца тут на зімоўку. У арнітолагаў былі невялікія спадзяванні, што ў найбліжэйшыя гады магчымы залёт дэлавэрскай чайкі і ў Беларусь, але што ён адбудзецца ў такіх цікавых абставінах, пэўна, не думаў ніхто.

делаверская чайка Кайзерка

Кайзэрка з перадатчыкам у мясцовасці Rumst (Бельгія) 02-01-2022. Фота Kris De Rouck

Справа ў тым, што ў Польшчы добра вядомыя дзве асобіны гэтага віду, якія прылятаюць у тыя самыя месцы на зімоўку ўжо не першы год. З часам абедзве чайкі былі адлоўленыя арнітолагамі і атрымалі персанальныя каляровыя пластыкавыя кольцы, дзякуючы гэтаму іх можна з дапамогай адпаведнай оптыкі пазнаць здалёк. Адна з гэтых чаек, якую упершыню адзначылі ў лістападзе 2014 году ў горадзе Ełk на паўночным усходзе краіны і якая ў натупныя гады рэгулярна там назіраецца з восені да зімы, была найбліжэй Беларусі і менавіта на яе выпадковы залёт маглі быць найбольшыя спадзяванні. Але выйшла інакш. Другая, больш знакамітая дэлавэрская чайка, якая рэгулярна зімуе ў наваколлі горада Ольштын, была закальцаваная ў снежні 2005 г. у Шцэціне і з часам атрымала мянушку “Kajzerka” (так называюць самую танную, але смачную і папулярную ў Польшчы булачку).

Назірай анлайн за сямейным жыццём сокалаў-пустэльг у Брэсце!

Дзякуючы фірме Interrex — rings & telemetry напрыканцы мінулага году Kajzerka атрымала яшчэ і самы сучасны і лёгкі спадарожнікавы GPS-перадатчык і за яе перамяшчэннямі стала сачыць нашмат прасцей. А з надыходам сонечных дзён (дзякуючы якім сонечная батарэя перадатчыка мае пастаянны і добры зарад) — фактычна ў рэжыме рэальнага часу.

Такім чынам, чайка 7-8 снежня знаходзілася на поўнач ад Шчэціна (Пн Польшча), а 22.12 ужо ў пойме Эльбы на захад ад Берліна (Германія). На Каляды птушка пераляцела ў Нідэрланды, дзе яна пачала актыўныя і параўнальна хуткія пералёты ў паўднёва-заходнім кірунку і за 4 гадзіны перамясцілася на 200 км. Праз дзень, 27.12 Kajzerka была ўжо ў Бельгіі на поўдзень ад Антверпена. Гэта ўжо як мінімум другі залёт гэтай дэлавэрскай чайкі ў Бельгію, першы адбыўся ў лютым-сакавіку 2012 года. У гэтай краіне Kajzerka зазімавала і на гэты раз, дзе і была дзякуючы сігналам з перадатчыка пра яе дакладныя перамяшчэнні сфатаграфаваная (гл. верхні здымак).

карта перемещений делаверской чайки

Чайка ўвесь гэты час трымалася ў Бельгіі, 23 сакавіка пачала актыўную міграцыю ва усходнім кірунку і 26.03 перасякла спачатку мяжу Польшчы з Беларуссю і праляцела на паўднёвы ўсход побач з Брэстам, а потым і мяжу Беларусі з Украінай. На гэта звярнуў увагу Marcin Faber, заснавальнік і ўладальнік фірмы Interrex — rings & telemetry, дзякуючы паведамленню якога ў Фэйсбуку мы і даведаліся пра новы від і для Беларусі, і для Украіны, адзначае рэдактар сайта «Птушкі штодня» Дзьмітры Вінчэўскі.

карта перемещений делаверской чайки

Птушкі штодня” распыталі Марціна пра гэтую важную падзею:

Фірма Interrex — rings & telemetry была створана намі ў 2008 годзе. Мы робім каляровыя пластыкавыя кольцы для кальцавання дзікіх  птушак, а перадатчыкі пачалі прадаваць у 2020 годзе. Мы даўно хацелі забяспечыць гэтую чайку перадатчыкам, таму што яна штогод з’яўляецца ў тым самым месцы на возеры Wulpińskim пад Ольштынам. Вядома, мы спадзяваліся, што чайка паляціць у краіну, дзе гэты від яшчэ не быў адзначаны. Але мы думалі, што яна абярэ больш паўночны кірунак і паляціць у краіны Балтыі або Фінляндыю і зусім не чакалі, што яна такім вось чынам паляціць на поўдзень праз паўднёвую Беларусь ва Украіну.

Кожны год гэтая чайка вяртаецца ўвосень у Польшчу пад Ольштын. Калі будзе жыць далей, то хутчэй за ўсё ў канцы лета – пачатку восені мы зноў яе ўбачым у Польшчы. Магчыма, што на адваротным шляху зноў праляціць праз Беларусь. Цяпер мы можам сачыць за яе перамяшчэннямі дзякуючы перадатчыку.

Беларускія птушкары таксама змаглі паназіраць за новым відам і нават сфатаграфаваць яго. Першым гэта зрабіў Андрэй Барадзін у Гомелі.

 

Дэлавэрская чайка памерамі і афарбоўкай найбольш нагадвае нашу шызую чайку. Гняздуе каланіяльна на зямлі, часта на астравах на азёрах, у поймах рэк і на марскіх узбярэжжах Канады і ЗША. Звычайна птушкі вяртаюцца гнездаваць у тыя самыя калоніі з году ў год. Звычайны для Паўночнай Амерыкі від, які на зімоўку ляціць не толькі ў Мексіканскі заліў і на ціхаакіянскае і атлантычнае ўзбярэжжы ЗША, але многія птушкі зімуюць і на Вялікіх азёрах.

Дэлавэрскія чайкі шмат разоў адзначаліся ў Еўропе: Францыі, Італіі, Нідэрландах, Бельгіі, Германіі, Нарвегіі, Швецыі, Польшчы, Балгарыі, Румыніі і іншых краінах. У Вялікабрытаніі і Ірландыі колькасць залётаў дэлавэрскіх чаек у апошнія дзесяцігоддзі павялічылася настолькі, што від больш не лічыцца “рэдкасцю” і яго рэгістрацыя больш не патрабуе пацверджання мясцовай фаўністычнай камісіі. У некаторых еўрапейскіх краінах гэтыя чайкі пачалі рэгулярна зімаваць.

Калі Беларуская арніта-фаўністычная камісія (БАФК), без рашэння якой назіранні новых і многіх рэдкіх для краіны відаў не маюць навуковай сілы, зацвердзіць гэтую рэгістрацыю дэлавэрскай чайкі, від стане 341-м у Спісе птушак Беларусі. Дагэтуль падобным чынам, толькі з дапамогай трэкаў, атрыманых ад спадарожнікавых перадатчыкаў, у асноўны Спіс відаў нашай краіны трапіў сокал-балабан, а ў дадатковы спіс – барадач.

Для сайта “Птушкі штодня” падрыхтваў Дзьмітры Вінчэўскі

Мапы перамяшчэнняў дэлавэрскай чайкі © Interrex — rings & telemetry

Верхні здымак Кайзэркі з перадатчыкам быў зроблены ў мясцовасці Rumst (Бельгія) 02-01-2022 by Kris De Rouck


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: