На Альманскіх балотах знайшлі новы для Беларусі від стракоз

ад 3 жніўня 2021 года

Да гэтага лета ў афіцыйным спісе стракоз нашай краіны значылася 67 відаў. Нядаўна падчас экспедыцыі ў рамках праекта “Палессе – дзікая прырода без межаў” у заказніку рэспубліканскага значэння “Альманскія балоты” арнітолаг Дзяніс Кіцель сфатаграфаваў 68-ы від – страказу малую блакітную (Orthetrum coerulescens (Fabricius, 1798)).

стрекоза новый вид твп ольманские болота

На Альманы Дзяніс прыехаў, каб правесці маніторынг поспеху гнездавання глабальна пагражальнага віду птушак – вялікага арляца. Арнітолаг расказаў пра тое, як зрабіў адкрыццё:

Мы пераночылі ў лесе на заходняй мяжы балота, недалёка ад вёскі Альманы Столінскага раёна, і а сёмай раніцы 24 ліпеня я ўжо выйшаў на балота. Чатыры гадзіны назіраў праз трубу і бінокль за парай арляцоў, каб высветліць, ці ёсць у іх сёлета гняздо з птушанём.  А 15-й гадзіне я вяртаўся назад і, пераходзячы ручай, звярнуў увагу на блакітную страказу, што сядзела за 20 сантыметраў ад зямлі на абламанай галінцы бярозы. Больш за ўсё страказа нагадвала знаёмы звычайны від – страказу рашэцістую (Orthetrum cancellatum), але нешта ў ёй было іншым. Як кажуць, “д’ябал хаваецца ў дробязях”. Таму я і вырашыў спыніцца і як след разгледзець казурку.

стрекоза новый вид твп ольманские болота

У тым месцы, дзе ручай разліваецца па сцяжыне, Дзяніс заўважыў адразу двух самцоў і самку гэтага віду стракоз. Іх паводзіны адрозніваліся ад паводзінаў рашэцістай страказы. Самцы не адляталі далёка ад ручая, а, зрабіўшы круг у дзесяць метраў, вярталіся назад на свае прысады. У афарбоўцы страказы таксама былі адметныя рысы: цалкам блакітны хвост і шырокія жоўтыя птэрасцігмы — плямкі на канцах крылаў.

 Фотаапарата ў мяне з сабою не было, таму, каб сфатаграфаваць новы для краіны від, давялося ісці два кіламетры да машыны, а потым назад, — смяецца арнітолаг.

Стракозы і матылі вельмі часта цікавяць птушкароў. Дзяніс Кіцель яшчэ ў школе сур’ёзна захапляўся казуркамі. Хоць ён і стаў арнітолагам, але цікавасць да шасціногіх не згасла. На яго рахунку ўжо не адзін від стракоз, новы для краіны. 

стрекоза новый вид твп ольманские болота

Фотаздымкі, якія зрабіў Дзяніс, ужо паглядзелі вядучыя еўрапейскія спецыялісты па стракозах і пацвердзілі правільнасць вызначэння. Вельмі важна, што была адзначана не адзінкавая заляцелая асобіна, а група стракоз з самкай. Вялікая імавернасць, што яны размнажаюцца ў Беларусі. Адзін з найвялікшых балотных заказнікаў краіны яшчэ раз даказаў сваю ўнікальнасць. 

стрекоза новый вид твп ольманские болота

Трэба дадаць, што з’яўленне гэтага віда ў Беларусі было спрагназавана яшчэ 15 гадоў таму. Стракозы — хуткія драпежнікі, якія, як і птушкі, могуць пераадольваць сотні і тысячы кіламетраў і такім чынам пашыраць свой арэал. На мапе распаўсюджання відаць, што страказа ёсць амаль паўсюль вакол Беларусі, але дагэтуль не хапала доказаў знаходжання яе ў нас. Цяпер гэтыя доказы з’явіліся. 

Фота: Страказа малая блакітная (Orthetrum coerulescens), аўтар Дзяніс Кіцель.

Тэкст: Аліса Матавілава

Телеграм


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: