Як пад Брэстам выратавалі жураўля

ад 27 верасня 2022 года

25 верасня брэсцкі птушкар Аляксандр Сербун выправіўся паназіраць за кулікамі ды іншымі птушкамі на ачышчальныя сажалкі каля Астрамечава ў Брэсцкім раёне. Там ён убачыў шэрага жураўля, які трапіў у адстойнік і не мог выбрацца адтуль.

Выратаванне жураўля пад Брэстам. Фота Аляксандра Сербуна

Птушка была ўсяго за восем-дзесяць метраў ад берага, але вязкая вадкасць не дазваляла ёй выкараскацца.

Я асабліва не разумеў, як выцгянуць жураўля: было далекавата, — кажа Аляксандр. — Таму выклікаў ратавальнікаў з Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Яны прыехалі даволі хутка. Паспрабавалі туды залезці спачатку ў вадалазным касцюме, але аказалася глыбока.

Выратаванне жураўля пад Брэстам. Фота Аляксандра Сербуна

Тады Аляксандр прапанаваў прынесці з поля паблізу сноп саломы. Ратавальнікі ацанілі ідэю, і разам учацвярых хлопцы зацягнулі той сноп на дамбу. Адзін з ратавальнікаў, які непасрэдна даставаў жураўля з апраметнай, раскідаў салому па нечыстотах, па саломе дабраўся да птушкі і выцягнуў.

Выратаванне жураўля пад Брэстам. Фота Аляксандра Сербуна

Жураўля адмылі ў сажалцы. Ён быў вельмі аслаблы і не мог лётаць.

Я пабаяўся, што жураўля або прыстрэляць паляўнічыя, якія там акурат хадзілі, або задушыць ліса, — расказаў Аляксандр. — Я яго на ноч пасадзiў у гараж, а на наступны дзень адвёз і выпусціў у такім месцы, дзе ёсць усё, што яму трэба: лес, поле і багна.

Выратаванне жураўля пад Брэстам. Фота Аляксандра Сербуна

Незразумела, ці выжыве гэтая птушка, але цяпер у яе прынамсі ёсць шанцы. Магчыма, яна паляціць у вырай, а можа, застанецца зімаваць: апошнім часам такія выпадкі зімовак жураўлёў на ўсходзе краiны нярэдкія. Марозы ім не страшныя: галоўнае, каб было дзе харчавацца.

Дзякуй птушкару і ратавальнікам за дапамогу жураўлю!

Калі вы таксама ўбачылі птушку ў бядзе, чытайце памятку.

Тэкст: Алеся Башарымава

Фота: Аляксандр Сербун

 

 

 


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: